BE RU EN

Юрый Хашчавацкі атрымаў прэмію фестывалю «Лаўровая галіна»

  • 28.11.2012, 19:08

Беларускі кінарэжысёр атрымае самую прэстыжную расейскую прэмію дакументальнага кіно.

Журы расейскага фестывалю дакументальнага кіно «Лаўровая галіна» аднагалосна пастанавіла ўзнагародзіць бронзавай скульптурай «Лаўр» вядомага беларускага кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага за ўнёсак у кіналетапіс.

Як распавёў сайту charter97.org сам кінарэжысёр, з 12 снежня на гэтым фестывалі ён будзе паказваць рэтраспектыву сваіх фільмаў:

«Гэта вельмі пачэсная ўзнагарода, прэмія прафесійнага цэха. У мінулым годзе яе атрымаў Аляксандр Сакураў. У гэты раз «за ўнёсак» пастанавілі адзначыць мяне. Вядома, мне прыемна».

Са слоў кінарэжысёра, улічваючы тое, што ён здымаў фільмы з крытыкай расейскай улады, прысуджэнне яму прэміі - гэта ўчынак:

«Рэч у тым, што ў Расеі цяпер ідуць вельмі сур'ёзныя палітычныя працэсы. Адзін з апошніх маіх твораў - «Лабатамія». Гэта фільм пра расейска-грузінскую вайну на тэрыторыі Асеціі, аб расейскай агрэсіі і пра тое, як працуюць расейскія СМІ. Гэта катэгарычны палітычны фільм, накіраваны супраць расейскай улады. І само па сабе тое, што расейцы надаюць мне гэтую прэмію, гэта ў нейкім сэнсе ўчынак, нават выклік з іхнага боку».

Цяпер Юрый Хашчавацкі шукае сродкі на новы дакументальны фільм:

«У мяне ёсць некалькі ідэй, і я заняты пошукам грошай. На жаль, гэта дарагія праекты. Я хацеў бы зрабіць фільм пад назвай «Разбэшчванне Еўропы», у якім я б мог прааналізаваць, якім чынам карупцыя з Расеі і Беларусі пачынае пранікаць у асяродак заходняга капіталу. І не толькі карупцыя, а як менавіта рэалізуюцца палітычныя ўстаноўкі, як ідзе барацьба «пад дываном».

Гэта складаны праект. Возьмем, да прыкладу, гісторыю з распушчальнікамі і разбаўляльнікамі. У ёй ёсць тры суб'екты - беларускі, гэта наша ўлада, якая фактычна займалася крадзяжом, ёсць контрагенты ў Расеі і абавязкова прысутнічаюць контрагенты на Захадзе. Яны ўсё разумеюць, бачаць крымінальныя схемы і тым не менш у ёй удзельнічаюць, падтрымліваюць і развіваюць яе. Вось прыклад таго, як адбываецца разбэшчванне бізнэсу. І не толькі бізнэсу - у гэтай схеме павінна была ўдзельнічаць і мытня, то бок сілавыя структуры, у тым ліку і еўрапейскія, і чыноўнікі, там вельмі шмат схавана. А ёсць яшчэ маса схем акрамя гэтай. Існуюць арганізацыі, якія знарок ствараюцца на грошы расейскай і беларускай улады, якія быццам займаюцца барацьбой за дэмакратыю, а напраўду з'яўляюцца агентамі ўплыву, якія вельмі сур'ёзным чынам спрабуюць скрывіць рэальную карціну таго, што адбываецца як у Расеі, так і ў Беларусі» .

Але каб па-сапраўднаму ўвайсці ў гэтую тэму, патрэбна паважная прафесійная праца юрыстаў, якія ведаюць, як здабыць неаспрэчныя дакументы, і могуць гэта зрабіць. Але на гэта патрэбныя вялікія грошы. Я хачу гэта зрабіць, але пакуль не бачу прасветліны, няма сродкаў. Так што пакуль мая група проста робіць штотыднёвую сатырычную праграму «Эксперт» на Белсаце », - распавёў кінарэжысёр.

Апошнія навіны