BE RU EN

«Новае жыццё» пачынае кругласутачную малітву за захаванне будынка

  • 28.11.2012, 13:34

Такое рашэнне прыняў сёння савет царквы.

Пра гэта паведаміў БелаПАН юрыст «Новага жыцця» Сяргей Луканін.

24 гадзіны ў суткі вернікі будуць знаходзіцца ў будынку царквы і «прасіць Бога аб тым, каб ён паразуміў улады і каб ён нам давёў планы аб тым, што рабіць, і як рэагаваць на дзеянні ўлад», сказаў Луканін.

Акрамя таго, штодня ў 19.00 будуць праходзіць спецыяльныя малітоўныя служэнні ў абарону і падтрымку царквы. На гэтыя служэнні прыхаджане «Новага жыцця» запрашаюць усіх неабыякавых людзей, у тым ліку журналістаў. «Гэта пакуль усё, што мы выпрацавалі на пасяджэнні савета», - адзначыў юрыст. Ён падкрэсліў, што вернікі нават не разглядаюць варыянт добраахвотнага высялення з будынка, які больш за 20 гадоў таму яны пабудавалі на месцы кароўніка, які разваліўся.

Нагадаем, 27 лістапада рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» атрымала прадпісанне гаспадарчага суда Менска, згодна з якім да 5 снежня павінна вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72. У адваротным выпадку царкве пагражае прымусовае высяленне.

Як вынікае з атрыманага ліста, прымусовае высяленне прызначана «на падставе судовага загаду гаспадарчага суда горада Менска па справе № 526-12/2009 ад 23 кастрычніка». Кіраўніку царквы прадпісана да 11 раніцы 5 снежня «вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы спагнанніку». ЖРЭУ Маскоўскага раёна Менска, на тэрыторыі якога размешчаны будынак абшчыны, даручана «на момант прымусовага высялення забяспечыць транспарт, працоўную сілу і ўсё неабходнае для высялення даўжніка».

Каля сямі гадоў Менгарвыканкам спрабуе выселіць царкву «Новае жыццё» з займанага ёй будынка. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, вылучаным ёй у бестэрміновае карыстанне.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы «Новае жыццё», у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Галадоўнікі змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спыненая пасля таго, як уладам прыйшлося адступіць - сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону «Новага жыцця» актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕЗ, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні.

Тым не менш, у 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы, а ў ліпені 2010-га гаспадарчы суд Менска наклаў на абшчыну санкцыі ў памеры 258 млн. рублёў за «забруджванне навакольнага асяроддзя». Вернікі палічылі дзеянні ўлад незаконнымі і вырашылі не выплачваць гэтую суму. Апошнія паўтара года, прыкладна з траўня 2011-га, улады не рабілі ніякіх дзеянняў у дачыненні да царквы.

За 20 гадоў існавання «Новае жыццё» атрымала больш за тры дзесяткі судовых пазоваў, пастар царквы Уладзімір Ганчарэнка і юрыст Сяргей Луканін неаднаразова падвяргаліся ціску з боку ўладаў, у тым ліку адміністрацыйнаму пераследу.

Апошнія навіны