BE RU EN

Недабудаваны аэравакзал у Гродне дарма нікому не патрэбны

  • 28.11.2012, 10:51

Недабудаваны будынак гродзенскага аэравакзала плошчай 15 тысяч квадратных метраў зноў спрабуюць прадаць.

Бліжэйшы аўкцыён запланаваны на 26 снежня. Кошт лота вызначаны ў 13,4 мільярды рублёў, але ў тое, што будынак купяць за гэтыя грошы мала хто верыць. Як распавяла намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Алена Агей, цяпер з'явілася магчымасць прадаць недабудаваны будынак аэравакзала на аўкцыёне з паніжэннем кошту да адной базавай, піша «Вечерний Гродно». Праўда, для гэтага неабходна выканаць парадак: пасля безвыніковых таргоў кошт зніжаецца паэтапна на 20, 50 і 80%. Толькі пасля гэтага даўгабуд могуць прадаць па сімвалічным кошце.

Гродзенскі аэравакзал - спадчына савецкай эпохі. Яго будаўніцтва па суседстве з адміністрацыйна-тэхнічным будынкам аэрапорта «Дзяржкамавіяцыі» пачалося ў 1985 годзе. Праз 5 гадоў, калі аэравакзал быў амаль гатовы, з-за недахопу грошай працу замарозілі. У 1998-м будынак перадалі на баланс гарвыканкама. Доўгі час будоўля знаходзілася ў падвешаным стане. Даўгабуд ўжо спрабавалі прадаць спачатку ў 2008 г., пасля ў 2009-м і, нарэшце, у студзені 2010 года прыкладна за 2 млн даляраў, але пакупнік так і не знайшоўся. У 2011 г. аэравакзал выставілі на таргі за адну базавую велічыню, што склала на той час 11 даляраў.

Калі таргі адбудуцца і аэравакзал знойдзе сабе новага ўладальніка, ён павінен будзе за 3 гады ўцягнуць яго ў гаспадарчы абарот. Што тут будзе - судзіць складана. Самі жыхары Гродна жартуюць: «Прамы авіярэйс да Масквы і казіно - чым не рашэнне праблемы даўгабуду?»

Апошнія навіны