BE RU EN

За акцыю памяці Каліноўскага - мільённыя штрафы

  • 27.11.2012, 13:12

У Свіслачы 27 лістапада адбыўся разгляд трох адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да актывістаў за ўдзел у святкаванні Дня памяці паўстанцаў 1863 года.

Першым быў аштрафаваны паэт Анатоль Валюк. Суддзя Жанна Салагубік, якая вяла працэс, адмовіла яму ў выкліку сведак на той падставе, што яны таксама праходзяць па аналагічнай справе як абвінавачаныя.

Відэазапіс, які вяла міліцыя ў дзень акцыі памяці, на судзе ў гэты раз прадэманстраваць не змаглі. Анатоль Валюк сцвярджае, што яго на відэа наогул не было - па сутнасці, яго аштрафавалі за прысутнасць у гэты дзень у райцэнтры, піша ПЦ «Вясна».

Пасля суддзя Салагубік хутка разгледзела яшчэ два аналагічных пратаколы - кіраўніка Свіслацкага аддзялення БСДГ Віктара Дзесяціка і сябра асветніцкага грамадскага аб'яднання «Фонд імя Льва Сапегі» Юрыя Глебіка таксама аштрафавалі на 10 базавых велічынь.

Нагадаем, 27 кастрычніка ў Свіслачы людзі з розных гарадоў Беларусі традыцыйна адзначалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. Дэмакратычныя актывісты ўсклалі кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведалі радзіму Каліноўскіх - сядзібу Якушоўка.

У той дзень міліцыянты затрымалі ў Свіслачы 4 маладых людзей, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі.

Апошнія навіны