BE RU EN

МЗС Украіны патрабуе тлумачэнняў

  • 26.11.2012, 21:28

Міністэрства замежных спраў Украіны пракаментавала затрыманне 15 лістапада ў Менску трох украінскіх студэнтаў.

«Мы не можам ацэньваць, беспадстаўна або на дастатковых падставах адбылося затрыманне грамадзян Украіны, - адзначыў спікер замежнапалітычнага ведамства Аляксандр Дзікусараў. - Але факт ёсць факт. Мы даведаліся аб сітуацыі ў трэцяй дэкадзе лістапада ад сваякоў затрыманых - яны звярнуліся да нас з просьбай праверыць інфармацыю, бо маладзёны не выходзілі на сувязь, піша БелаПАН.

Калі сваякі юнакоў звярнуліся ў следчы ізалятар, ім патлумачылі, што там не ведаюць, ці паведамілі аб факце іх затрымання ў амбасаду Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. Мы звярнуліся да кампетэнтных органаў Беларусі з просьбай даць нам тлумачэнні аб прычынах затрымання грамадзян Украіны, аб тым, якія правапарушэнні яны здзейснілі. Нам гэта пакуль невядома».

Спікер МЗС падкрэсліў, што ўжо сам факт затрымання і прымусу маладых людзей - гэта ўжо парушэнне правоў чалавека. У той жа час ён заклікаў «не забягаць наперад, бо выдумляць можна колькі хочаш».

Нагадаем, 15 лістапада ў Менску 18-гадовы грамадзянін Украіны і два ягоныя сябрукі, якія прыехалі ў сталіцу Беларусі з турыстычнымі мэтамі, былі арыштаваныя на дзесяць сутак. Як паведаміла сястра аднаго з затрыманых, маладзёны збіраліся вярнуцца ў нядзелю, і калі ў аўторак ад іх не паступіла ніякіх вестак, а тэлефоны былі вымкнутыя, сваякі захваляваліся.

Апошнія навіны