BE RU EN

Новыя ўлады Грузіі аднавілі помнік Сталіну

  • 26.11.2012, 19:09

Ён быў дэмантаваны пасля прыходу да ўлады Міхаіла Саакашвілі.

Помнік у вёсцы Зема Алвані быў адноўлены адміністрацыяй горада Ахметы. Выканаўца абавязкаў кіраўніка адміністрацыі Бека Байдауры не каментуе гэты факт, піша «Корреспондент».

«Я быў прыхільнікам аднаўлення помніка. Так ці інакш, гэта гісторыя. Я не падтрымліваў ягоны дэмантаж. Гэта было заданне. Чыё было заданне, не ведаю. Уночы прыехаў аўтамабіль, і знялі помнік. Я проста быў на гэтым працэсе, каб яго не вельмі пашкодзілі. Помнік да гэтага часу захоўваўся ў аднаго прадпрымальніка», - распавёў журналістам павераны вёскі Зема Алвані Давід Каадзэ. Ён адзначыў, што не ведае, чыя гэта ініцыятыва.

Дэмантаж помніка Сталіну ў Зема Алвані адбыўся 16 чэрвеня 2011 года.

«Не ведаю, ці праўда аднавілі помнік, але калі гэта так, я яго вітаю. Гэты помнік стаяў на тым месцы, дзе мемарыял палеглым на вайне, гэта быў знак Другой сусветнай вайны. Першы ў Грузіі стэнд і абеліск палеглым на вайне быў зроблены ў Зема Алвані. Можна сказаць, што гэта мела гістарычны цяжар, але я не прыхільнік сталінізму. Я быў прыхільнікам аднаўлення помніка не таму, што гэта звязана з калектывізацыяй і савецкім ладам, а таму, што звязана з вайной. Калі прыбралі помнік, прыйшлі ўночы і выкінулі яго ў нейкія хмызнякі, як зазвычай», - сказаў старшыня гарадскога сходу Ахметы Закарыя Кінкладзэ.

Нагадаем, у 2008 годзе міністэрства культуры Грузіі заявіла аб намеры адкрыць у Горы ў доме-музеі Іосіфа Сталіна музей расейскай акупацыі. У Горы, дзе нарадзіўся Сталін, таксама быў дэмантаваны помнік яму. Ініцыятары рэарганізацыі музея планавалі прысвяціць яго асобныя секцыі галадамору ва Украіне і сістэме лагераў у Савецкім Саюзе.

Апошнія навіны