BE RU EN

Егіпет уводзіць візы для беларусаў

  • 26.11.2012, 16:49

Аб такой магчымасці беларускіх турагентаў папярэдзілі расейскія партнёры.

Буйныя расейскія тураператары разаслалі сваім агентам адпаведныя лісты. У пасланнях сказана наступнае: «Інфармуем вас аб новых патрабаваннях знаходжання беларускіх грамадзян на тэрыторыі Егіпта. Беларускім грамадзянам, якія прыбываюць у Егіпет з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, неабходная віза», піша газета «Туризм и отдых».

Чуткі пра тое, што для беларускіх турыстаў адмяняюцца візы ў аэрапортах Хургады і Шарм-эль-Шэйха перыядычна з'яўляліся ўвесь апошні год. Тым не менш чартары з Менска, а таксама Масквы і Кіева з беларускімі турыстамі адляталі лета і восень у звычайным рэжыме. Ніякіх пытанняў да «пакетных» турыстаў з беларускімі пашпартамі ў аэрапортах ніколі не ўзнікала. Адпачывальнікі за 15 даляраў атрымлівалі запаветную «налепку» і адпраўляліся на пляж. І вось зноў нявызначанасць з візамі. Прычым у цяперашні час турфірмы знаходзяцца ў поўнай разгубленасці: ці датычацца візавыя пытанні толькі беларускіх турыстаў, якія вылятаюць ў Егіпет з Масквы (як сказана ў маскоўскіх лістах), альбо ўсё ж такі, як ужо ходзяць чуткі, з 1 снежня ўсім беларусам (незалежна ад пункта адпраўлення) неабходная будзе егіпецкая віза для ўезду ў краіну? Нагадаем, што ў Менску няма егіпецкага дыппрадстаўніцтва, таму ездзіць па візы беларусам прыйдзецца ў сталіцу Расеі. Расейскія аператары, якія цалкам кантралююць рынак паездак беларусаў на цудоўныя егіпецкія пляжы, змогуць адкрываць візы нашым грамадзянам без асабістай прысутнасці суіскальнікаў, але тым не менш працягласць працэдуры - прыблізна 10 дзён, мякка кажучы, не выклікала захаплення ў беларускіх турагентаў.

Журналісты выдання паспрабавалі знайсці якую-небудзь інфармацыю аб радыкальных зменах у візавым пытанні ў афіцыйных ведамствах. На жаль, датэлефанавацца да Амбасады Егіпта ў Маскве, гэтак жа як і знайсці якую-небудзь інфармацыю аб візавых зменах на афіцыйным сайце ўстановы, не ўдалося. У прэс-службе МЗС Беларусі на момант напісання матэрыялу таксама не мелі якой-небудзь інфармацыяй аб егіпецкіх візавых новаўвядзеннях.

Як толькі якая-небудзь інфармацыя датычна егіпецкіх віз пацвердзіцца, мы адразу ж паведамім пра гэта агенцтвы, пакуль што афіцыйных каментароў з гэтай нагоды мы даваць не будзем», - адказалі карэспандэнту ў аддзеле рэкламы і PR кампаніі Tez Tour. Тым не менш менавіта на афіцыйным сайце гэтага тураператара ў раздзеле «Турыстам» з нагоды віз у Егіпет паказана адназначна: беларусам патрабуецца абавязковае афармленне візы ў консульстве.

Апошнія навіны