BE RU EN

Лабковіч: Кватэру Алесю Бяляцкаму не вернуць

  • 26.11.2012, 15:58

Па словах судовых выканаўцаў, пасля вызвалення палітвязня будзе разглядацца пытанне аб яго праве ўласнасці на памяшканне, якое апячаталі.

«Адбылася канчатковая канфіскацыя офіса праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён зараз апячатаны, уваход у памяшканне нам катэгарычна забаронены. Гэта маёмасць больш нам не належыць і мы не можам там працаваць», - распавёў сайту charter97.org сябра Савета праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Лабковіч.

На думку праваабаронцы, кватэру Алесю Бяляцкаму не вернуць:

«Уваход у памяшканне не будзе адмыкнуты адразу пасля выхаду на волю Алеся Бяляцкага. Са слоў судовага выканаўцы, пасля вызвалення палітвязня будзе зноў вырашацца яго права ўласнасці на памяшканне. Я думаю, што яму не пакінуць кватэру. Я разумею беларускае заканадаўства і лічу, што яму не могуць пакінуць гэтую маёмасць».

Уладзімір Лабковіч дзякуе ўсіх неабыякавых людзей, якія падтрымалі калектыў «Вясны» ў гэты няпросты для іх час:

«Мы вельмі ўдзячныя праваабаронцам, палітыкам, грамадскім дзеячам і родным палітвязняў, якія праявілі з намі салідарнасць пры развітанні з офісам. Мы ўдзячныя і нашым партнёрам і блізкім сябрам з руху «За свабоду» і камітэта дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць», якія далі нам магчымасць весці ў іх офісе нашу часовую грамадскую прыёмную, дзе мы будзем увесь час аказваць дапамогу палітвязням і ўсім грамадзянам, якія пацярпелі ад сённяшняга рэжыму».

Хутка «Вясна» пачне працаваць з новага офіса, адзначыў праваабаронца:

«Безумоўна, мы чакалі, што сітуацыя будзе разгортвацца ў тым напрамку, які мы цяпер маем, мы былі падрыхтаваныя да канфіскацыі. Я думаю, у бліжэйшы час мы зможам працягнуць працу ў поўным аб'ёме ў новым сталым памяшканні».

Нагадаем, сёння раніцай у офіс праваабаронцаў прыйшлі судовыя выканаўцы, міліцыя і прадстаўнікі Гаргазу, якія правялі працэдуру канфіскацыі маёмасці і апячаталі памяшканне.

17 лістапада жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук атрымала ліст з суда Першамайскага раёна Менска за подпісам судовага выканаўцы А.Рандзевіч аб тым, што 26 лістапада адбудзецца канфіскацыя маёмасці і офіса праваабарончага цэнтра «Вясна».

12 апошніх гадоў офіс праваабарончага цэнтра «Вясна» знаходзіўся ў кватэры на праспекце Незалежнасці 78а-48. Гэтая кватэра была набытая ў 2000 годзе і па рашэнні савета «Вясны» аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі.

Апошнія навіны