BE RU EN

Расея абвяшчае беларускіх апазіцыянераў у вышук

  • 25.11.2012, 20:39

(абноўлена) Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» пасля 19 снежня 2010 года апынуўся ў спісе федэральнага вышуку Расеі.

Сharter97.org выявіў прозвішча Максіма Сергійца на сайце vroziske.net - дзе змешчаны спісы асоб, якія знаходзяцца ў расейскім федэральным вышуку. Прычына вышуку ўказана - «схаваўся ад органаў МУС». Мера стрымання: заключэнне пад варту. Падраздзяленне, якое абвясціла ў вышук: ГУУС Менгарвыканкама і Маскоўскае РУУС Менска.

Нагадаем, што Максім Сергіец - актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Быў вымушаны бегчы з краіны ў снежні 2010 года пасля падаўлення акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

За ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года яго шукала міліцыя: міліцыянты праводзілі ператрусы ў кватэрах яго маці і бабулі, канфіскавалі кампутар. Характэрна, што Максіма Сергійца працягваюць шукаць у Беларусі да гэтага часу: у апошні раз міліцыянты прыходзілі да яго дадому ўсяго месяц таму - у кастрычніку 2012 года.

У цяперашні час Максім Сергіец атрымаў палітычны прытулак у Польшчы.

У спісе федэральнага вышуку мы таксама выявілі прозвішча былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які таксама быў вымушаны бегчы з Беларусі пасля падзей 2010 года.

Знаходжанне беларускіх апазіцыянераў у спісах федэральнага вышуку Расеі выклікае здзіўленне. Выходзіць, РФ усё ж гатовая выдаваць рэжыму Лукашэнкі беларускіх дэмакратаў?

Фота - «РИА Новости»

Апошнія навіны