BE RU EN

Калі СССР дзесьці ўваскрос, то ёсць пагроза для ўсіх

  • Станіслаў Шушкевіч
  • 24.11.2012, 15:15

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі распавядае пра кнігу сваіх успамінаў, якая выйшла ў Маскве.

У ёй Станіслаў Шушкевіч прысвячае нямала старонак свайму радаводу, успамінае сваю навуковую і палітычную дзейнасць. Распавядаецца ў кнізе і пра падзеі ў Белавежскай пушчы ў снежні 1991 года. Не абыйшлося і без сенсацый, паведамляе «Радыё Свабода».

- Станіслаў Станіслававіч, чаму вашыя мэмуары выйшлі ў Маскве, а не ў Беларусі?

- У Беларусі быў выдавец, які хацеў выдаць маю кнігу. Ён падрыхтаваў яе да выдання яшчэ ў сакавіку гэтага году, але пасля прызнаўся: «Мне сказалі, што кніга Шушкевіча будзе апошняй, якая пабачыць сьвет у маім выдавецтве». І я зразумеў, што лепш выдаць яе ў замежжы. «Дарэчы, «Росспэн» («Расейская палітычная энцыкляпэдыя») - гэта вельмі прэстыжнае выдавецтва.

- Калі Вы сказалі, што вашу кнігу не адважыліся выдаць беларускія выдаўцы, я прыгадаў, што і папярэднія Вашыя кнігі траплялі пад забарону.

- Так, за «Неакамунізм у Беларусі» (выйшла ў 2002-м у Смаленску) супраць мяне хацелі нават распачаць судовую справу. Дэтэктыўная гісторыя была з кніжкай Класкоўскіх пра мяне. Калі Кебіч, як старшыня ўраду, даў загад зьнішчыць увесь наклад гэтай кнігі, мне патэлефанаваў незнаёмы чалавек і сказаў, што хоча са мной сустрэцца. Калі мы сустрэліся, ён мне паведаміў, што атрымаў загад знішчыць маю кнігу - 1500 асобнікаў. Чалавек прапанаваў такі варыянт: ён складзе акт аб знішчэнні, а я забяру кнігі ў свае «жыгулі». Што я і зрабіў. І па сённяшні дзень усім, хто цікавіцца, хто я такі і адкуль, я магу падараваць тую ўратаваную кнігу.

- Назва вашых мэмуараў трохступеньчатая - «Маё жыцьцё, крах і ўваскрашэнне СССР». Я не зусім зразумеў апошняе - хіба Савецкі Саюз можа ўваскроснуць?

- Вы хіба жартуеце? Жывучы ў Беларусі, нельга не заўважыць, што ўваскрашэнне Савецкага Саюзу адбылося ў Беларусі ў значнай ступені. Калі мы будзем разглядаць нашу краіну як таталітарную дзяржаву і г.д., то гэта абсалютнае ўваскрашэнне. Больш за тое, пасля таго, як Пуцін распавёў, што распад СССР - найвялікшая трагедыя... Забыўся ён, прафэсійны шпіён, пра Гулаг, пра пакуты мільёнаў людзей. Пуцін аднаўляе СССР, бо ў Расеі пачынаюць панаваць тыя прынцыпы, якія панавалі ў Савецкім Саюзе. А калі СССР недзе ўваскрос, то ёсць пагроза і для астатніх.

- Адначасова з Вашымі мэмуарамі ў свет выйшлі і мэмуары Міхаіла Гарбачова. Дык вось, ён піша, што першым вестку з Белавежскай пушчы пра тое, што Савецкі Саюз перастаў існаваць, атрымаў не ён, а прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Чаму вы тады вырашылі так прынізіць Крэмль?

- Гэта няпраўда. Гарбачоў хлусіць, я тлумачу ў сваёй кніжцы, як усё адбывалася. Мы ўтрох - Ельцын, Краўчук і я - вырашылі, што Гарбачову павінен патэлефанаваць Шушкевіч, таму што ў мяне з ім заўсёды былі нармальныя адносіны. Я патэлефанаваў. Доўга ніхто не браў слухаўку, а пасля адгукнуўся нейкі афіцэр сувязі ці нехта, хто быў у пакоі побач з Гарбачовым, і пачаў дапытвацца, хто я такі і адкуль званю. А мы дамовіліся так: як толькі я паведамлю Гарбачову, то адразу ж Ельцын патэлефануе Бушу. І вось я гавару то з адным чалавекам, то з другім, а Гарбачова не чую. Ніхто іншы не мог тэлефанаваць з Белавежскай пушчы з таго тэлефону - толькі я, Ельцын і Краўчук. А Гарбачоў ведаў, што мы там сабраліся. Нарэшце ён узяў слухаўку. Я патлумачыў, што адбылося, ён зрабіў паўзу і сказаў такім павучальным тонам: «А вы можаце сабе ўявіць рэакцыю міжнароднай супольнасці на гэтую вашу акцыю?» Я кажу: «Вы ведаеце, нічога страшнага. Барыс Мікалаевіч цяпер размаўляе з Бушам, і той усё ўспрымае станоўча». Я разумею, чаму Гарбачоў так гаварыў. Спачатку і Буш, і Тэтчар, і Коль былі супраць так званага сепаратызму. Яны не разумелі, што міжнацыянальныя адносіны ў СССР былі ў стане вялікага напружання. Трэба было знайсці спосаб, каб развязаць гэты вузел. І мы ў Віскулях знайшлі гэты спосаб. Але не такім лабавым чынам, як бачыў гэта Гарбачоў. Ён жа, калі зьяўляліся дэкларацыі аб незалежнасці ў саюзных рэспубліках, кожны раз падпісваў указ аб неадпаведнасці такой дэкларацыі Канстытуцыі СССР! Гарбачоў быў савецкім чалавекам, як і ўсе мы, але ў ім гэтая савецкасць праяўлялася ў найбольшай ступені.

- Летась да дваццатых угодкаў падзеяў у Белавежскай пушчы афіцыйны беларускі тэлеканал ОНТ прысвяціў ім паўтарагадзінны эфір. Ваша імя там не прагучала ні разу. Галоўным выступоўцам і сведкам быў Пётра Краўчанка. Ці сапраўды ён адыгрываў у Віскулях такую істотную ролю?

- Краўчанка ўваходзіў у групу экспертаў, якая ноччу рыхтавала праект пагаднення. Але ён быў не на тым узроўні, каб наўпрост кантактаваць з нашай шасцёркай, якая часта не пагаджалася з тымі ці іншымі фармулёўкамі. Скажам, мы чытаем артыкул першы, нам нешта не падабаецца, мы выклікаем эксперта, які рыхтаваў той артыкул. Заходзіць, напрыклад, Шахрай. Мы яму тлумачым. Ён выходзіць, потым вяртаецца з новым варыянтам... Урэшце артыкул прымаецца кансэнсусам. Дзве асобы былі там галоўнымі - Шахрай і Гайдар. Што да Краўчанкі, то ён ня выканаў свой святы абавязак. Перачытайце перадапошні артыкул пагаднення. Што там напісана? Дакумент складзены на расейскай, беларускай і ўкраінскай мовах і падпісаны, і кожны экзэмпляр мае аднолькавую сілу. Я нядаўна пісаў ліст у Міністэрства замежных справаў, хацеў на беларускай мове ўзяць першасны варыянт. Ведаеце - там яго няма. Мне прыслалі на расейскай мове. І вось тут у мяне вялікае падазрэнне, што беларускі варыянт заціснуў Краўчанка, як і ўкраінскі. Таму што ён вельмі хоча мець розныя ўнікальныя дакумэнты, а важкасць белавежкага пагаднення з цягам часу расце. А дакумэнт гэты павінен захоўваццца ў дэпазітарыі Міністэрства замежных справаў.

- Пятро Краўчанка - бібліяфіл, знаны зьбіральнік старых беларускіх кніг і рукапісаў. Гэта агульнавядома, але каб...

- Учыніць злачынства? Я вам яшчэ раз кажу - беларускага варыянту Белавежскага пагаднення няма ў дэпазітарыі міністэрства, якое ўзначальваў Краўчанка. Хутчэй за ўсё, ён яго прысвоіў. Ён меў на гэта час і магчымасці, нам было не да гэтага. Краўчанка ведае вагу і каштоўнасць гэтага дакументу.

- Нягледзячы на тое, што мэмуары вашы выйшлі ў Маскве, вы крытычна ставіцеся да крамлёўскай палітыкі. Гаворыце нават пра расейскі комплекс няпоўнавартаснасьці ў дзяржаўным будаўніцтве. У чым ён палягае?

- Вось глядзіце - першае ўпамінанне пра Полацкае княства датуецца 862 годам. А ў мяне ўвесь час сядзіць у галаве 861 год, калі наўгародцы зразумелі, што самі дзяржавай кіраваць ня могуць, і запрасілі Рурыкаў. Заўважце, з таго часу аж да 12 чэрвеня 1991 году Расея ніколі не абірала расейскага кіраўніка сваёй дзяржавы. Калі на тэрыторыі Беларусі ўжо была дзяржава - Полацкае княства, - расейцы яшчэ ня ведалі, як дзяржавай кіраваць. Дык чаму не пажартаваць на гэтую тэму?

- Ці не праявай згаданага Вамі расейскага комплексу быў вядомы падарунак Ельцына ў Вярхоўным Савеце Беларусі - гэтак званая Аршанская грамата?

- І пра гэта гаворыцца ў маёй кнізе, але ў зусім другім аспекце. Справа ў тым, што Ельцына падвяла яго каманда. І я думаю, што не было тады ў той камандзе дасведчаных людзей, якія належным чынам патлумачылі б, што гэта за грамата. Ельцын думаў, што ён робіць добрую справу, паказвае, што мы даўно разам, што мы даўно ўзаемадзейнічаем і г.д. Але тут выдатны гісторык і дэпутат Голубеў устаў і сказаў, што значыць для беларусаў тая грамата, і да яго словаў далучыліся ўсе. Трэба сказаць, што ў Вярхоўным Савеце 12 склікання інтэлектуальны ўзровень быў вельмі высокі. Я б не сказаў што сярэдні ўзровень усіх дэпутатаў, але была такая група, дзе сканцэнтраваліся і мовазнаўцы, і гісторыкі, і палітолягі, і знаўцы нацыянальных пытанняў. І таму яны задавалі тон, і камуністы вымушаныя былі іх слухаць. Фракцыя БНФ налічвала ўсяго 25 чалавек, але яны былі ініцыятарамі многіх прагрэсіўных законаў.

- У сваіх мэмуарах Вы даволі скептычна выказваецеся пра ўдзел беларускіх пісьменнікаў у палітыцы...

- Такога ў мяне няма, я так не выказваюся.

- Прабачце, вось цытата: «Большасьць пісьменьнікаў і сёння ня маюць адчувальнай палітычнай дасведчанасці. Без стомы павучаючы, яны не спрабуюць разабрацца ў азах паліталогіі нават на ўзроўні падручнікаў сучаснай сярэдняй школы».

- Я не толькі да пісьменнікаў маю такую прэтэнзію. Але тут я адразу выключаю нашых вялікіх пісьменнікаў. Я ня маю маральнага права мець прэтэнзіі да вялікага Быкава, да вялікага Караткевіча, да вялікага Барадуліна - гэта для мяне святыя постаці. Але, ведаеце, у сучаснай беларускай літаратуры няма таго, што прываблівала б сённяшнюю моладзь. Вельмі добра апісваецца мінуўшчына: родная вёска, рэчка, маці, бліны і г.д. Дык пра гэта напісаў яшчэ Якуб Колас! Вы ж далей гэта слабей развіваеце. А хто з пісьменнікаў сёння паказвае, да чаго павінны імкнуцца людзі, чаго можна дасягнуць, калі мы будзем захоўваць беларускія традыцыі і ісці беларускім шляхам? Няма такіх.

- Ёсць. І нямала. Магчыма, Вы проста малазнаёмыя з творчасьцю тых, каму сёньня 30-40 гадоў.

- Я сваю кнігу прысвяціў моладзі і напісаў так: не паўтарайце нашых памылак. Я добра стаўлюся да беларускіх пісьменнікаў, але ўпэўнены, што тыя страты, якія нанеслі нашай літаратуры бальшавікі, адчуваюцца і сёння. Я не ў захапленні ад тых пісьменнікаў, якія выяжджаюць у замежжа, там бязбедна жывуць і падказваюць адтуль, як нам жыць. Мне гэта не падабаецца. Такіх падказчыкаў хутка забудуць.

- У іменным паказніку вашых мэмуараў - больш за 500 імёнаў. Назавіце дзве асобы са знакам плюс, і дзве - са знакам мінус. Маю на ўвазе тых людзей, з якімі вы былі добра знаёмыя.

- На першае месца са знакам плюс я пастаўлю Ельцына як палітыка. А з пісьменнікаў я на першае месца пастаўлю Барадуліна - ён для мяне святы чалавек.

- А якая самая вялікая заслуга Ельцына?

- Самая вялікая заслуга Ельцына ў тым, што ён не мітусіўся і не адступаў ад таго, што гаварыў. У яго не было такога, што ён гаварыў адно, а рабіў другое.

- А хто ў вас заслугоўвае мінусы?

- Са знакам мінус першым я называю Лукашэнку, а другім - Кебіча. Такога ўзроўню хлусні, якую генеруе Лукашэнка, больш не знайсці. А Кебіч - гэта найвялікшы ўзровень крывадушша. Я нават не маю на ўвазе ягоныя мэмуары, якія ён, дарэчы, не сам пісаў. Я маю на ўвазе яго паводзіны. Ён пачынае, напрыклад, гаварыць, што я здрадзіў бацьку, калі ён быў арыштаваны і высланы. Кебіч ужо ўзяў гэта на ўзбраенне, ён не заўважае, што робіць.

- Сэнсацыйна выглядае ў вашай кнізе згадка пра ўнука Янкі Купалы, з якім вы сустракаліся ў ЗША. Гэта сапраўды ўнук паэта?

- Так, Вісвідас Матуліс - гэта ўнук Янкі Купалы. Ягоны бацька - пазашлюбны сын паэта.

- Ад каго?

- Я ніколі не задаю такіх далікатных пытанняў. Але ўся беларуская дыяспара ў Злучаных Штатах пра гэта ведае, ведае таксама амбасадар Літвы ў ЗША. Яны нас і пазнаёмілі, я з ім гаварыў. Вісвідас ведае, чый ён унук, і шкадуе, што не вельмі добра валодае беларускай мовай.

- Урывак вашых мэмуараў нядаўна перадрукавала «Комсомольская правда в Беларуси». У тым самым нумары змешчанае інтэрвію сатырыка Міхаіла Жванецкага пад кідкім загалоўкам: «Усе мэмуары праўдзівыя, апрача прэзыдэнцкіх». Што скажаце на гэты конт?

- Пра тое, што выйшла мая кніга, Жванецкі не ведаў. Відаць, ён мае на ўвазе мэмуары Гарбачова... Дарэчы, мы са Жванецкім знаёмыя. А яшчэ адзін мой добры знаёмец у гэтым жанры - Хазанаў. Шчыра кажучы, што на сцэне, што ў жыцці - гэта сапраўдныя гумарысты. Ні пра каго іншага я такога сказаць не магу.

Апошнія навіны