«Пладова-выгадныя» віны забароняць з новага года
- 21.11.2012, 21:40
Вытворчасць і рэалізацыя пладова-ягадных ардынарных вінаў у Беларусі будуць спыненыя з 1 студзеня 2013 года.
Пра гэта заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас адкрыцця гандлёва-лагістычнага цэнтра РУП «Мінск Крышталь» у Калядзічах, паведамляе БелТА.
Са слоў Міхаіла Мясніковіча, пытанне аб забароне рэалізацыі пладова-ягадных вінаў разглядалася напярэдадні на паседжанні Прэзідыума Савета Міністраў. «Мы прынялі пастанову, што гэтых вінаў з 1 студзеня 2013 гада не будзе ў продажы і ў вытворчасці», - сказаў ён.
Пры гэтым застануцца пладова-ягадныя віны палепшанай якасці, а таксама віны марачнага класа. Са слоў прэм'ер-міністра, гэтыя віны практычна не саступаюць вінаградным, у якіх асноўнай сыравінай з'яўляюцца імпартаваныя вінаматэрыялы.
Кіраўнік урада таксама дадаў, што айчынным прадпрыемствам неабходна будзе перапрафілявацца на выраб пладова-ягадных вінаў палепшанай якасці. «Тандэту не будзе, - сказаў прэм'ер-міністр. - Спадзявацца на атрыманне хуткіх грошай таксама не варта - працаваць трэба, вырабляючы якасную прадукцыю».