BE RU EN

Спадарожнікавыя талеркі забароняць?

  • 20.11.2012, 14:24

Усталёўка спадарожнікавых талерак фармалізуецца настолькі, што ўсталяваць іх будзе ўсё складаней.

Пра гэта паведаміў чытач charter97.org з Наваполацка, спаслаўшыся на апошняе распараджэнне мясцовага выканкама.

Згодна з распараджэннем, цяпер для ўсталявання спадарожнікавай талеркі ці вонкавага кандыцыянера патрэбная распрацоўка праектнай дакументацыі, дазвол гарвыканкама і ўладальніка будынка.

Пры гэтым патрэбныя «высновы і разлікі аб трывальных характарыстыках спадарожнікавых антэн і кандыцыянераў і элементах яго мацавання, магчымым адмоўным уплыве на канструкцыі і элементы будынка, інфармацыя аб адпаведнасці ўзроўню шуму ад вонкавага блока кандыцыянера».

Таксама неабходны акт на выкананыя работы па мантажы абсталявання. Дадаткова можа быць заключаная дамова, якае вызначае парадак дзеянняў, правоў і абавязкаў бакоў у працэсе эксплуатацыі талеркі або кандыцыянера.

За ўсталяванне без дазвольнай дакументацыі - прыцягненне да адказнасці.

Каб прынялі ў эксплуатацыю раней устаноўленыя самавольна талеркі і кандыцыянеры, трэба прадставіць у выканкам тэхнічнае заключэнне аб адпаведнасці выкананых работ па ўстаноўцы спадарожнікавай антэны і кандыцыянера патрабаванням дзеючых будаўнічых нормаў і правілаў і справаздачу аб замерах узроўню шуму.

Апошнія навіны