BE RU EN

Па нафце дамовіліся, але на якіх умовах?

  • 2.11.2012, 12:32

Сямашка дамовіўся аб аднаўленні ранейшых аб'ёмаў паставак расейскай нафты ў 2012 годзе.

Пра гэта 2 лістапада першы віцэ-прэм'ер Беларусі паведаміў журналістам, перадае БелТА.

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, перамовы з расейскім бокам аб пастаўках нафты ў Беларусь прайшлі нармальна. «Мы абгаварылі ўсе праблемныя пытанні і дамовіліся аднавіць аб'ём нафты ў чацвёртым квартале ў аб'ёме 5,3 млн.т, прадугледжаных гадавым балансам», - сказаў Уладзімір Сямашка. Аднак на якіх умовах першаму віцэ-прэм'еру атрымалася дамовіцца з расейскім бокам - невядома.

Нагадаем, пастаўкі нафты ў кастрычніку з Расеі ў Беларусь склалі 1 млн 347 тыс. тон, што на 22% менш, чым у верасні.

Раней паведамлялася, што ў ходзе перамоў аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале 2012-га і ў 2013 годзе Масква прапанавала Менску кампенсаваць расейскаму бюджэту страты ад «растваральнікавага» бізнэсу, якія ацэньваюцца прыкладна ў 1,5 млрд даляраў. Расейскія і беларускія эксперты вельмі сумняваюцца, што Беларусь зможа накіраваць у бюджэт Расеі 1,5 млрд даляраў у якасці кампенсацыі. Хутчэй за ўсё, гаворка пойдзе пра неграшовую форму ўрэгулявання гэтага пытання.

У канцы мінулага тыдня ў Маскве прайшоў першы раўнд перамоў з удзелам першага віцэ-прэм'ера беларускага ўрада Уладзіміра Сямашкі і намесніка міністра эканомікі Анатоля Філонава. Перспектывы паставак энергарэсурсаў у Беларусь абмяркоўваліся і 19 кастрычніка на сустрэчы прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і міністра энергетыкі Расеі Аляксандра Новака ў Менску. У прыватнасці, былі закранутыя пытанні паставак расейскай нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале. Расея знізіла пастаўкі «чорнага золата» ў нашу краіну на 1,3 млн тон.

Расейскія афіцыйныя асобы неаднаразова выказвалі занепакоенасць той акалічнасцю, што Менск можа экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам «растваральнікаў» з мэтай ухілення ад выплаты экспартных пошлін у бюджэт РФ.

Апошнія навіны