BE RU EN

Лукашэнка падпісаў указ аб адмове ад «ранняй» пенсіі

  • 2.11.2012, 10:59

Беларусы будуць атрымліваць надбаўку за больш позні выхад на пенсію.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў раней прыняты закон «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у закон Беларусі «Аб пенсійным забеспячэнні», які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у парадак разліку пенсій у залежнасці ад фактычнага выхаду грамадзяніна на пенсію, піша «Інтэрфакс».

Закон афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Закон прадугледжвае, што ў Беларусі будзе прынята новая сістэма разліку працоўных пенсій, якая, па-першае, прадугледжвае, што грамадзянін будзе атрымліваць надбаўку да пенсіі за працу без выхаду на пенсію пасля агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Так, у адпаведнасці з артыкулам закона, за першы поўны год неатрымання пенсii, надбаўка будзе павялічана на 6% заробку, што прымаецца для яе вылiчэння, за другі - на 8%, за трэці - на 10%, за чацвёрты - на 12%, за пяты і кожны наступны год - на 14%. За працу без атрымання пенсіі менш поўнага года, павелічэнне за кожныя поўныя два месяцы такой працы складзе 1% заробку.

Па-другое, законам устанаўліваецца адзіны падыход да перыядаў дзейнасці, якія прымаюцца для разліку пенсій (з выплатай страхавых унёскаў і без выплаты). Перыяды з выплатай страхавых унёскаў уключаюцца ў стаж і ўлічваюцца пры разліку заробку.

Аналагічны падыход прадугледжаны для перыядаў дзейнасці без выплаты ўнёскаў (такіх як ваенная служба, вучоба, догляд за дзецьмі і іншых).

Прадугледжваецца, што гэтыя перыяды, пры ўключэнні ў стаж, таксама будуць улічвацца і пры разліку заробку, прычым з аднолькавым умоўным прыбыткам - 40% сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ў адпаведных месяцах.

Раней у Беларусі пры вызначэнні заробку для вылічэння пенсіі ўлічваліся толькі перыяды працы з выплатай унёскаў. У выніку, аднолькавыя, з пункту гледжання грамадскай значнасці і выканання падобных функцый, перыяды дзейнасці без выплаты страхавых унёскаў ацэньваліся ў пенсіях па-рознаму: ад 10% абмежаванага заробку да 400%.

Таксама ўнесены змены ў артыкул закона, які рэгулюе пытанні выплаты пенсіі па даверанасці і афармлення даверанасці. Прадугледжваецца размежаванне тэрміну дзеяння даверанасці, у залежнасці ад спосабу атрымання пенсіі. Цяпер даверанасць на атрыманне пенсіі праз арганізацыі паштовай сувязі і арганізацыі па дастаўцы пенсій (спецыяльная даверанасць) можа быць выдадзена на тэрмін не больш аднаго года; даверанасць на атрыманне сум пенсій з рахунку грамадзяніна ў банку, на які пералічваецца яго пенсія, можа быць выдадзена на тэрмін да трох гадоў. Гэтыя тэрміны вызначаны артыкулам 187 Грамадзянскага кодэкса Беларусі.

Апошнія навіны