BE RU EN

МАП можа заклікаць да санкцый супраць Лукашэнкі

  • 19.11.2012, 9:37

Міжнародная арганізацыя працы можа адказаць на рэпрэсіі супраць беларускіх прафсаюзаў.

Камітэт па свабодзе аб'яднанняў арганізацыі заявіў пра пагаршэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў у Беларусі.

У дакладзе МАП пералічаныя выпадкі ціску і дыскрымінацыі ў дачыненні да беларускіх незалежных прафсаюзаў, піша «Завтра твоей страны».

Якія наступствы для афіцыйнага Менска могуць мець чарговыя крытычныя заўвагі МАП? На гэта і іншыя пытанні адказвае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

- Чым абгрунтоўваецца пазіцыя МАП у адносінах да афіцыйнага Менску?

- Ёсць факты, якія красамоўна сведчаць пра пагаршэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў у нашай краіне. У гэтым годзе працягваўся ціск, дыскрымінацыя праў незалежных прафсаюзаў на цэлым шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. У дакуменце, які падрыхтаваны Камітэтам па свабодзе асацыяцый МАП, падрабязна пералічаныя ўсе факты. Гаворка ідзе аб парушэнні праў прафсаюзаў на ААТ «Нафтан», дзе незалежнаму прафсаюзу адмаўляюць у заключэнні калектыўнай дамовы, пра ціск і дыскрымінацыі па прыкмеце прафсаюзнай прыналежнасці на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. На ААТ «Мазырскі НПЗ», ААТ «Беларуськалій» і на цэлым шэрагу іншых прадпрыемстваў таксама парушаюцца правы свабодных і незалежных прафсаюзаў.

Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя на РУП «Граніт», дзе ў канцы мінулага года рабочыя, перш за ўсё, кіроўцы БелАЗ, масава выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі незалежны прафсаюз. Адразу ж пачаўся масіраваны ціск, пераслед і пагрозы ў адрас сяброў незалежных прафсаюзаў. Былі звольненыя абодва прафсаюзных лідэра. У ганеньнях на незалежныя прафсаюзы прымалі ўдзел і мясцовыя ўлады, і адміністрацыя прадпрыемства, і спецслужбы.

Стала відавочна, што беларускі ўрад не толькі не схільны да духу супрацоўніцтва з МАП, але і не збіраецца выконваць рэкамендацыі гэтай міжнароднай арганізацыі.

- Якія рэкамендацыі ігнаруюць беларускія ўлады?

- Першая і самая галоўная: адмена дазвольнага прынцыпу стварэння і дзейнасці незалежных прафсаюзаў, і вяртанне да паведамляльнага прынцыпу. Гэтым самым прызнана катастрафічнасць сітуацыі з правамі рабочых, якія не могуць па свайму выбару ствараць прафсаюзы і знаходзіцца ў іх.

Беларускі ўрад таксама самаўхіліўся ад выканання рэкамендацый МАП і нават не адчытаўся перад Камітэтам па свабодзе асацыяцый. Такое адбылося ўпершыню за апошнія гады. Калі ўлады не зробяць належных высноў, то перад імі паўстане перспектыва вельмі непрыемных наступстваў.

- Якія гэта могуць быць наступствы?

- Я не хачу апярэджваць падзеі, але беларускія ўлады самі адкрываюць дарогу для больш жорсткіх рашэнняў. У дачыненні да Беларусі МАП ужо выкарыстаў практычна ўвесь арсенал сродкаў, прадугледжаных статутам. Сёння, калі фактычна кінуты выклік гэтай аўтарытэтнай і ўплывовай міжнароднай структуры, нельга выключаць, што справа дойдзе да самых крайніх рашэнняў - прымянення працэдуры, прадугледжанай параграфам № 33 Статуту МАП. За ўсю гісторыю арганізацыі гэты параграф ужыты толькі аднойчы: у дачыненні М'янмы (Бірмы). Усе звялося да таго, што МАП заклікаў да ўвядзення эканамічных санкцый супраць гэтай краіны. Многія дзяржавы прыслухаліся да МАП, і пад ціскам эканамічных санкцый сітуацыя з правамі прафсаюзаў у М'янме стала паляпшацца.

Беларускія ўлады гуляюць з агнём. Яны доўга не верылі, што можна мець вялікія праблемы ў сувязі з невыкананнем рэкамендацый МАП. Першы трывожны званок прагучаў у 2007 годзе, калі ЕЗ адклікаў гандлёвыя прэферэнцыі для Беларусі. Зроблена гэта было пасля маніторынгу, які ажыццяўляў Еўразвяз на падставе заключэнняў, зробленых МАП. Мы б вельмі не хацелі, каб быў працяг праблем, якія могуць паўстаць у сувязі з нежаданнем улад выконваць правы прафсаюзаў. Але сітуацыя ў бягучым годзе складваецца менавіта такім чынам.

- Ці можа афіцыйны Менск ляснуць дзвярыма і выйсці з Міжнароднай арганізацыі працы?

- Я лічу, што гэта выключана. МАП - структура ААН. Выйсці з яе - прыкладна тое ж самае, што спыніць удзел у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Больш за тое, Міжнародная арганізацыя працы была створана яшчэ ў 1919 годзе, яна адзіная структура, якая перажыла Лігу Нацый. Нават СССР у свой час супрацоўнічаў з МАП, хоць яму вельмі непрыемныя былі яе заключэнні аб сітуацыі з правамі рабочых. Гэтая арганізацыя ніколі не лічыла, што можна весці гаворку пра савецкія прафсаюзы як пра незалежныя і самастойныя арганізацыі рабочых, і разглядала іх як прыдатак палітычнай сістэмы, з дапамогай якога ажыццяўляецца маніпуляцыя людзьмі.

Тое ж самае і ў дачыненні да Беларусі. Верагодна, кошт тут такі высокі, што можна чакаць прымянення да афіцыйнага Менску выключнага параграфа № 33 з усімі вынікаючымі наступствамі.

Апошнія навіны