BE RU EN

Берасцейцам прапанавалі скінуцца на залатыя купалы

  • 17.11.2012, 22:24

Берасцейскія ўлады прымушаюць збіраць грошы на залатыя купалы для царквы.

Як стала вядома charter97.org, з ініцыятывы адміністрацыі Маскоўскага раёна гэтага абласнога цэнтра разам з Берасцейскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы распачатая акцыя «Храм маёй душы». Мэтай праекта з'яўляецца збор сродкаў на рэканструкцыю купалоў Свята-Уваскрасенскага сабора, які быў пабудаваны як помнік да 50-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Як гаворыцца ў суправаджальным лісце, разасланым берасцейскімі службоўцамі па прадпрыемствах, грамадскіх арганізацыях і прадпрымальніках, «сабраная значная сума, што дазволіла распачаць рэканструкцыю (залачэнне галоўнага купала)». Аднак гэтага мала, бо агульны кошт ацэньваецца ў 1,5 мільярды рублёў.

Высветлілася, што акцыя носіць не разавы характар, а грошы прапаноўваюць пералічваць ледзь не штомесяц, і нават рабіць справаздачы пра пералічаныя сумы ў кіраўнічыя органы. Гаворка ідзе пра прымусовую «дабрачыннасць»: дайшло да таго, што дырэктары некаторых школ абавязалі настаўнікаў здаць па 50 тысяч рублёў і далучыць да гэтага працэсу школьнікаў ды іхных бацькоў.

Задума берасцейскіх улад выклікала вельмі неадназначную рэакцыю ў горадзе. «Вера - гэта асабістая справа чалавека. Калі хтосьці лічыць патрэбным асабіста ахвяраваць на храм і мае такую магчымасць – калі ласка, - падзялілася адна з мясцовых жыхарак. - Але навошта сюды прыплятаць адміністрацыю Маскоўскага раёна - ёй больш заняцца няма чым? Асабліва замілоўвае справаздачнасць у кіраўнічыя органы. Ну як заўсёды: спачатку ўлада адмяжоўвалася ад царквы, а зараз кінулася ў іншую крайнасць».

Не менш пытанняў у звычайных берасцейцаў выклікае сама патрэба мець у названай царкве менавіта залатыя купалы. «Навошта такая раскоша? Што, звычайныя купалы кепскія? Лепш дабудаваць у Берасці цэрквы, якія доўгія гады будуюцца ў мікрараёнах, і заняцца тымі храмамі, якія патрабуюць рэканструкцыі. У вёсках народ ходзіць у звычайныя драўляныя цэрквы і моліцца. Тады навошта ўся гэтая пампезнасць у Свята-Уваскрасенскім саборы?» - абураецца праваслаўны жыхар места.

Дарэчы, іншы берасцейскі сабор – Свята-Сімяёнаўскі – ужо мае залатыя купалы. Калісьці экс-мэр Масквы Юрый Лужкоў падчас візіту ў горад над Бугам перадаў у падарунак пазалочаны дахавы матэрыял, што застаўся ад пабудовы храма Хрыста Збаўцы ў сталіцы Расіі.

Апошнія навіны