BE RU EN

Кіёскаў на прыпынках у Менску не будзе

  • 14.11.2012, 12:24

Вяртаць на вуліцы сталіцы гандлёвыя кіёскі не трэба, лічыць «мэр» Менска.

Такое меркаванне старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька выказаў падчас сустрэчы з працоўным калектывам ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава».

Па словах Ладуцькі, большасць жыхароў горада ўспрынялі адсутнасць кіёскаў нармальна. Тавараабарот ад адсутнасці такіх аб'ектаў не ўпаў, паведамляюць «Менск-Навіны».

Ладуцька адзначыў, што гандлёвых аб'ектаў у сталіцы сёння дастаткова. Акрамя таго, у жылых раёнах пастаянна будуюць новыя гіпермаркеты і крамы.

- Сёння мы прапануем бізнэсу іншае рашэнне: адкрываць у мікрараёнах, і ў Чыжоўцы у тым ліку, невялікія кафэ, развіваць сістэму грамадскага харчавання, - сказаў старшыня Менгарвыканкама.

Ён таксама заўважыў, што такія кафэ можна рабіць на 30-50 пасадачных месцаў, а ў якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўваць сэндвіч-панэлі.

Між тым старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка ў інтэрв'ю «Народной воле» заяўляў раней, што рашэнне сталічных улад адносна кіёскаў - «гэта нахабнае ігнараванне думкі менчукоў, якія хацелі б бачыць кіёскі на прыпыначных пунктах. Згодна з нашым заканадаўствам, рашэнні, якія закранаюць інтарэсы многіх людзей, павінны праходзіць юрыдычную экспертызу».

Апошнія навіны