BE RU EN

Прафсаюз дзяржслужачых не задаволены скарачэннямі

  • 12.11.2012, 13:17

Скарачэнне штатаў, калі будзе выканана ўказанне Аляксандра Лукашэнкі, павінна скласці 25-30 адсоткаў.

Як паведамляе сайт ФПБ, «аб сітуацыі, якая складваецца на месцах, аб заработнай плаце і цякучцы кадраў распавялі ў сваіх выступах удзельнікі апошняга пленума. З заклапочанасцю яны казалі аб будучых скарачэннях».

Так, напрыклад, старшыня прафсаюзнай арганізацыі апарата Камянецкага райвыканкама, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Алена Курыловіч перакананая, што штатная колькасць не павінна даводзіцца зверху: «Вырашаць, хто патрэбен раёну - эканаміст, аграном ці ідэалагічны работнік, - прэрагатыва старшыні выканкама, зыходзячы з патрэбнасці свайго рэгіёну... Пры аптымізацыі структуры дзяржапарату трэба ўлічваць рэальную загружанасць на месцах».

«У дзяржапараце павінны працаваць граматныя, кваліфікаваныя, неабыякавыя людзі з пэўным вопытам і жыццёвай пазіцыяй. Але з існуючай заработнай платай, нягледзячы на тое, што за апошнія месяцы яна вырасла да сярэдняй па рэспубліке, такіх людзей не атрымаецца прыцягнуць і цякучасць кадраў не спыніць», - выказала сваю заклапочанасць старшыня Старадарожскага райкама прафсаюза, кіраўнік спраў Старадарожскага райвыканкама Вольга Пархомчык. Яна перакананая, што аптымізацыя не павінна прайсці за кошт «нізоў» - пярвічнага і базавага ўзроўню.

«Пры скарачэнні работнікаў выканкамаў напрошваецца іншы шлях рашэння - змена тэрыторый сельсаветаў, - лічыць спецыяліст. - У рэспубліцы ўжо напрацаваны пэўны вопыт аб'яднання тэрыторый сельсаветаў. Неабходна глыбока вывучыць фінансавы складнік і вынікі гэтай працы і падысці да тэрытарыяльна-адміністрацыйнага пераўладкавання абдумана, узважыўшы ўсе за і супраць».

Апошнія навіны