BE RU EN

Der Spiegel: Самалёт беларускага дыктатара з залатымі шторамі

  • 12.11.2012, 8:16

Авіякампанія Lufthansa зоймецца тэхабслугоўваннем самалёта беларускага дыктатара.

Самалёт Аляксандра Лукашэнкі «Боінг-767» раніцай 9 лістапада прыбыў у Гамбург для тэхнічнага абслугоўвання авіякампаніяй Lufthansa, паведамляе сайт часопіса Der Spiegel.

Неўзабаве пасля прызямлення машына з бартавым нумарам EW-001PB была адбуксавана ў ангар Lufthansa Technik, піша выданне. У кастрычніку рабочыя абслугоўвалі «Боінг-737» EW-001PA, якім таксама карыстаецца беларускі кіраўнік, перадае БелаПАН.

«Боінг-767» раней належаў прэзідэнту Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаву і набыты беларускім бокам не менш чым за 124 млн. даляраў. У ім ёсць шырокія белыя скураныя сядзенні і канапы, драўляная абшыўка, залатыя шторы, а ў душавой выкарыстаныя каштоўныя металы і камяні.

Lufthansa Technik адмаўляецца ад афіцыйных каментароў на тэму абслугоўвання самалётаў Лукашэнкі.

Прадстаўнік апазіцыйнай фракцыі «зялёных» у нямецкім бундэстагу Антон Хафрайтэр, які ўзначальвае парламенцкі камітэт па транспарце, у каментары для Der Spiegel выказаў здзіўленне, чаму Lufthansa Technik «працуе на дыктатара, які дапускае вынясенне апазіцыянерам смяротных прысудаў і збіццё дубінкамі дэманстрацый».

Нямецкі часопіс падкрэслівае, што Lufthansa Technik не занадта пераборлівыя ў выбары кліентаў: раней у Гамбургу абслугоўваліся самалёты кіраўнікоў Саўдаўскай Аравіі, Бахрэйна, Экватарыяльнай Гвінеі.

Апошнія навіны