На мяжы з Літвой адкрыюць спрошчаныя пункты пропуску
- 31.10.2012, 10:33
У сувязі са святкаваннем Дня ўсіх святых 1-2 лістапада на беларуска-літоўскай мяжы будуць дадаткова працаваць пункты спрошчанага пропуску.
Так, 1 лістапада з 10.00 да 17.00 будзе адкрыты пункт спрошчанага пропуску «Клевіца» на тэрыторыі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, перадае БелаПАН.
Пункт спрошчанага пропуску «Кемелішкі» на тэрыторыі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці будзе функцыянаваць 1 і 2 лістапада з 10.00 да 17.00.
Дадаткова 1 лістапада з 8.00 да 20.00 будзе працаваць пункт спрошчанага пропуску «Лынтупы» на тэрыторыі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці.
У дадзеных пунктах будзе ажыццяўляцца пропуск грамадзян, якія пастаянна пражываюць на прымежнай тэрыторыі. Пры сабе неабходна мець пашпарт з візай сумежнай дзяржавы і дакумент, які пацвярджае пастаяннае пражыванне на прымежнай тэрыторыі.