BE RU EN

Лукашэнка - чыноўнікам: Адразу кайданкі купляйце

  • 30.10.2012, 12:47

На Алімпійскім сходзе кіраўнік распавёў значна больш, чым паведамілі афіцыйныя крыніцы.

Гаворка ішла аб асабняках, якія кіраўніцтва спартыўнай галіны будавала за казённы кошт, жуллі на стадыёне «Дынама», нямэтавым выкарыстанні велізарных сум і многім іншым.

У справаздачы аб Алімпійскім сходзе, апублікаванай на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі, апроч іншага, змяшчаецца выказванне Аляксандра Лукашэнкі: «Я прапанаваў вам сваю «страху» у тым ліку для таго, каб вы, спартсмены, трэнеры і кіраўнікі спорту, маглі спакойна рабіць сваю справу». Пра тое, чым скончылася «страхаванне», піша «Салiдарнасць». Выданне прыводзіць шэраг эпізодаў, якія ў справаздачы дзяржаўных СМІ не ўвайшлі.

- Раскажыце, Алег Леанідавіч, якія ж прычыны прывялі да такой катастрофы ў ваш перыяд праўлення, - заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра спорту Алега Качана (зараз ужо былога). - Усё можаце распавядаць: пра асабнякі, якія вы будуеце за кошт спартыўнай галіны, дарэчы, з памочнікам, можа, з адным, з другім віцэ-прэзідэнтам. Усе расказвайце! Нашым людзям цікава будзе паслухаць. Гэта таксама, я думаю, адна з прычын катастрофы.

Выступленне дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па конным спорце і конегадоўлі Віктара Міхадзюка кіраўнік праанансаваў наступным чынам:

- Зараз вам раскажа Міхадзюк, як трэба базу алімпійскай падрыхтоўкі ствараць і адначасова палацы будаваць. Давайце, калі ласка. А то міністр прамаўчаў, памочнік таксама. Можа, вы распавядзеце, як пілаваць, вазіць, будаваць, як коней за бясцэнак прадавалі, нагадаеце, ці то Заічкову (Ігар Заічкоў займаў пасаду памочніка Лукашэнкі па спорце. Звольнены разам з Алегам Качаном 28 кастрычніка), ці то яшчэ камусьці. Расказвайце. Гучна, выразна... Калі мяне дэзінфармавалі, я перад вамі публічна папрашу прабачэння. Але калі нешта пацвердзіцца, вы адразу кайданкі купляйце, каб вам не чаплялі іх, бярыце і ідзіце туды, куды я сказаў. Я вам гэтага не дарую. Мы не такія багатыя, каб абслугоўваць тут асобных кітоў, якія яшчэ і лайдачаць.

Затым цунамі найвышэйшага гневу накрыла яшчэ многіх.

- Рыхтуючыся да Алімпійскага сходу, я паралельна даручыў Камітэту дзяржкантролю і іншым структурам праверыць, як жа вы рыхтаваліся да галоўных стартаў чатырохгоддзя, - распавёў Аляксандр Лукашэнка. - Вынікі сумныя. Аказалася, што з-за бяздзейнасці службовых асоб Мінспорту частка востра неабходнага інвентара была закуплена напярэдадні, падчас і нават пасля Алімпіяды! Алімпіяда прайшла, а яны закупілі абсталяванне, каб алімпійскіх чэмпіёнаў рыхтаваць. Больш за паўмільярда рублёў прастойвае цяпер. А сёння выступаў спецыяліст па конях, там нямэтавага выкарыстання каля 600 мільёнаў рублёў выяўлена! Праўда, Заічкоў гэта з дакладу ўбраў і выхваляўся свайму памагатаму: «Ты не хвалюйся, я выкрасліў!» Ды вас толькі з-за гэтага трэба ўзяць і выгнаць з працы. І не рабіце выгляд, што гэта не так! (Выканкаму ў цэлым) Кругавая парука! Гэта знахабіцца да такой ступені... Бародзіч (старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Дынама»), вы каго мне прапанавалі ў памочнікі?! Вось яшчэ праваліце дынамаўскую каманду і пойдзеце разам з ім вуліцу мясці! Асабліва набліжаны генерал!

Таксама Аляксандр Лукашэнка прайшоўся па стадыёне «Дынама»:

- Пасылаю Якабсона (старшыня камітэта Дзяржкантролю - заўв.рэд.), кажу: «Аляксандр Серафімавіч, схадзі паглядзі, што там робіцца». Ён мне як перадаў фатаграфіі - ведаеце, мне дрэнна стала. Іх, Аляксандр Серафімавіч, трэба ўсіх пасадзіць! Усіх нягоднікаў! Таму што гэта першы аб'ект, які я з салдатамі прыводзіў у парадак. Пакінулі ў сябе гэты рынак. (У залу) Куды грошы падзелі ад рынку? (Якабсону) Займіцеся прынцыповым чынам, давядзіце да канца. Нікога не літуйце! Жуллё. І гэта прама пад вокнамі Мінспорту. (Качану) Табе што, цяжка было зайсці на стадыён і паглядзець, што там бярозкі растуць? Там, дзе людзі павінны сядзець? І гэта датычыцца ўсіх і ўсёй спартыўнай інфраструктуры...

Зрэшты, Лукашэнка абураўся дарма. Менавіта да такіх вынікаў і вядзе любое «страхаванне».

Апошнія навіны