BE RU EN

Расея патрабуе ўвядзення пошлін на экспарт растваральнікаў

  • 26.10.2012, 16:48

Без вырашэння праблемы экспарту растваральнікаў Беларусь не атрымае запытаных аб'ёмаў нафты з Расеі.

Пра гэта паведаміў РІА «Новости» віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч.

«Прадмет перамоў - аб'ёмы паставак нафты ў гэтым і наступным годзе, якія ўмовы для гэтага павінны быць выкананы, перш за ўсё якім чынам неабходна памяняць нарматыўную базу, каб не паўтараліся тыя праблемы, якія былі ў гэтым годзе па пастаўках так званых растваральнікаў», - сказаў Дварковіч, адказваючы на пытанне аб ходзе перамоў з Беларуссю.

Расейскія афіцыйныя асобы неаднаразова выказвалі занепакоенасць той акалічнасцю, што Беларусь можа экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў з мэтай ухілення ад выплаты экспартных пошлін у бюджэт РФ. У сярэдзіне верасня беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч абвясціў, што экспарт растваральнікаў з краіны цалкам спынены больш за месяц таму, каб выключыць недавер з боку расейскіх партнёраў. Мінэнерга Расеі паведаміла, што ён быў спынены толькі 6 кастрычніка.

Беларусь у 2012 годзе бяспошлінна атрымлівае нафту і нафтапрадукты з Расеі. Пры гэтым яна пералічвае ў расейскі бюджэт 100% экспартных пошлін на нафтапрадукты з расейскай сыравіны, якая пастаўляецца за межы Мытнага саюза. Растваральнікі і змазачныя матэрыялы не ўнесены ў пералік нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплочваецца вывазная пошліна, тады як пошліна на бензін складае 90% ад экспартнай пошліны на нафту.

Расейскі бок лічыць, што Беларусь, павялічыўшы закупкі расейскіх нафтапрадуктаў, экспартавала на еўрапейскія рынкі бензін пад выглядам растваральнікаў. Паводле неафіцыйных ацэнак, страты расейскага бюджэту з-за сумніўнага экспарту растваральнікаў з Беларусі ацэньваюцца па 2012 годзе ў 2 мільярды даляраў.

У кастрычніку член калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Андрэй Сляпнёў пасля пасяджэння савета ЕЭК у Менску паведамляў, што Беларусь і Расея праводзяць дадатковыя кансультацыі па пытанні экспарту Беларуссю растваральнікаў. Ён удакладніў, што адпаведныя рашэнні ЕЭК падрыхтавала, «а астатняе адносіцца да кампетэнцыі дзвюх краін».

Адным з найбольш верагодных шляхоў канчатковага ўрэгулявання «растваральнікавага» пытання лічыцца ўвядзенне экспартных пошлін на растваральнікі, роўных пошлін на нафтапрадукты (66% ад пошліны на нафту) ці нават на бензін (90% ад пошліны на нафту).

У канцы ліпеня ў Беларусі працавала міжведамасная расейская група прадстаўнікоў профільных дзяржструктур пад кіраўніцтвам ФМС, якая правярала легальнасць вытворчасці і экспарту растваральнікаў з тэрыторыі Беларусі. Вынікам працы гэтай групы стала спыненне паставак у Беларусь нафты, якая з'яўляецца сыравінай для вытворчасці растваральнікаў. Акрамя таго, «Транснафта» на падставе рашэння Мінэнерга перагледзела графік паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале ў бок зніжэння на 26%, або на 1,3 мільёна тон нафты, - да 4 мільёнаў тон.

Беларусь у студзені-жніўні 2012 года імпартавала 14,8 мільёна тон сырой нафты, што на 12,3% больш, чым за восем месяцаў 2011 года. Сярэдні кошт расейскай нафты для Беларусі ў гэты перыяд склаў 407 даляраў за тону (мінус 14,3%).

Апошнія навіны