МЗС пацвердзіў: нігерыйскія піраты захапілі беларуса
- 25.10.2012, 12:43
Сярод захопленых каля берагоў Нігерыі расейскіх заложнікаў ёсць выхадзец з Беларусі.
Пра гэта паведаміў на брыфінгу ў чацвер начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
«Ён відавочна з'яўляецца выхадцам з Беларусі. У той жа час, няма ўпэўненасці, што ён грамадзянін Беларусі, ён можа быць і грамадзянінам Расеі», - сказаў Cавиных.
Пры гэтым ён адзначыў, што «Амбасадзе Беларусі ў Нігерыі дадзены ўказанні аказваць усялякае садзейнічанне ў расследаванні дадзенага факту. Консульскае ўпраўленне і амбасада Беларусі ў Нігерыі працягваюць узаемадзейнічаць з расейскімі дыпламатамі, іншымі зацікаўленымі асобамі, а таксама з нігерыйскімі ўладамі».
«Робіцца ўсё неабходнае, каб забяспечыць вяртанне заложнікаў», - падкрэсліў Савіных.
Нагадаем, у панядзелак, 15 кастрычніка, пры заходзе ў нігерыйскі Порт-Харкорт піраты захапілі судна Bourbon Liberty 249.
Члены экіпажа былі ўзятыя ў заложнікі. Сярод іх - наш суайчыннік Сяргей Кургановіч: на судне беларус працаваў 2-м механікам.