BE RU EN

Чаргінец возьмецца за арганізатараў канцэрта Marilyn Manson

  • 22.10.2012, 15:16

Грамадскі савет па маральнасці, які ўзначальвае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, сур'ёзна зоймецца арганізатарамі канцэртаў выканаўцаў тыпу гурта Marilyn Manson.

Нагадаем, што канцэрт аднаго з самых скандальных калектываў сучаснасці павінен прайсці ў менскім Палацы спорту 22 снежня. Магчыма, таму што выступленне адбудзецца ў дзень, адзначаны старажытнымі Майя, як «канец света», будучае мерапрыемства надзвычай узбудзіла састарэлых ахоўнікаў маральнасці. З лета яны спрабуюць канцэрт забараніць, піша «Народная воля».

Аднак ужо вядома, што Marilyn Manson дасць у Еўропе 25 канцэртаў. Яны пройдуць у Маскве, Кіеве, Екацярынбургу, Уфе... І толькі Менск паспрабаваў быць свяцей Папы Рымскага. Мяркуючы па ўсім, з гэтых меркаванняў спробы Чаргінца закрыць ўезд у сінявокую скандальнаму амерыканскаму гурту і яе лідэру апынуліся беспаспяховымі. І ён вырашыў змагацца не са скандальнымі выканаўцамі, а з арганізатарамі такіх канцэртаў.

«Чалавек на мяжы знаходзіцца: мастацтва дае нешта людзям і ёсць паняцці «падабаецца - не падабаецца». Але калі гэта адкрыты здзек над мараллю... Улічваючы, што на такія канцэрты ходзяць, як правіла, дзеці 13-14 (16) гадоў, якім гэта падабаецца, дарагія сябры, нам трэба думаць. І кажу, як прадстаўнік Савета па маральнасці, мы будзем цяпер больш звяртаць увагі не на такіх выканаўцаў, а на арганізатараў такіх канцэртаў. Хай яны думаюць, якой пілюляй яны хочуць паіць нашых людзей», - заявіў Мікалай Чаргінец журналістам.

Апошнія навіны