BE RU EN

Саакашвілі прызнаў перамогу апазіцыі

  • 2.10.2012, 13:55

Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі прызнаў паразу сваіх прыхільнікаў на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі напярэдадні.

Ён заявіў, што партыя «Адзіны нацыянальны рух» пераходзіць у апазіцыю, перадае ВВС.

«У выніку падліку папярэдніх вынікаў парламенцкіх выбараў відавочна, што ў гэтых выбарах перавагі дамаглася кааліцыя «Грузінская мара». Гэта азначае, што новая парламенцкая большасць павінна сфармаваць новы ўрад і прэзідэнт у рамках канстытуцыі будзе спрыяць працэсу пачатку працы парламента, абранню старшыні парламента і фарміраванню новага ўрада», - сказаў Саакашвілі ў відэазвароце да грузінскага народа.

Прэзідэнт заявіў, што погляды апазіцыйнай кааліцыі былі для яго чужыя і «такімі застаюцца», аднак па прынцыпу дэмакратыі грузінскі народ большасцю прымае рашэнне. Саакашвілі таксама выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з «Грузінскай марай».

Пасля апрацоўкі 30% пададзеных на выбарах бюлетэняў, апазіцыйны блок мільярдэра Бідзіны Іванішвілі набірае 53,11%, партыя «Адзіны нацыянальны рух» - 41,57%.

Астатнія партыі пакуль набіраюць менш за 5% галасоў, неабходных для праходжання ў парламент. Па дадзеных ЦВК Грузіі, яўка на выбарах склала 61%.

Мільярдэр Бідзіна Іванішвілі пасля заканчэння галасавання заявіў у выступленні на тэлеканале TV9 пра перамогу апазіцыі. «Мы перамаглі! Грузінскі народ перамог!», - сказаў Іванішвілі.

Прыхільнікі апазіцыі ноччу сабраліся на Плошчы свабоды ў цэнтры Тбілісі, каб «адзначыць перамогу» падчас галасавання на парламенцкіх выбарах.

Апошнія навіны