BE RU EN

Швецыя вядзе перамовы аб вяртанні амбасадара ў Менск

  • 15.10.2012, 13:43

Пра гэта журналістам паведаміў міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт.

Перад пачаткам пасяджэння Савета Еўразвяза міністр адказаў на пытанне журналістаў аб магчымасці вяртання шведскага амбасадара ў Менск, паведамляе «Еўрарадыё».

«Я не ведаю, не магу назваць канкрэтнай даты, але мы гатовыя і цяпер. Аднак цяпер ідзе працэс перамоў. Сёння мы збіраемся прыняць абмежавальныя і іншыя меры ў дачыненні да Беларусі, так як у гэтай краіне да гэтага часу ёсць палітвязні. Таму тэрмін дзеяння мер будзе падоўжаны. Мы спадзяемся, што Беларусь будзе паважаць прынцыпы дыпламатычнага супрацоўніцтва і кантактаў, якія існуюць паміж усімі краінамі», - сказаў Карл Більт.

Нагадаем, сёння Савет ЕЗ плануе абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі пасля «парламенцкіх выбараў». Таксама чакаецца, што на сённяшнім пасяджэнні з «чорнага спісу» асоб, неўязных у ЕЗ, можа быць выкраслены Уладзімір Макей, цяперашні міністр замежных спраў. Папярэдні кіраўнік беларускага МЗС, Сяргей Мартынаў, не ўваходзіў у «чорны спіс». Такім чынам Еўразвяз жадае захаваць магчымасць дыялогу паміж Менскам і Брусэлем.

Апошнія навіны