BE RU EN

Літоўскі суд стаў на бок беларускага cалдата

  • 12.10.2012, 11:20

Віленскі акруговы суд задаволіў скаргу Сцяпана Захарчанкі, які ўцёк з УС Беларусі, на адмову даць яму прытулак.

Cуд таксама абавязаў Дэпартамент міграцыі Літвы разгледзець яго просьбу зноў, піша ru.delfi.lt.

Сцяпан Захарчанка, які звярнуўся са скаргай, сцвярджаў, што ў выпадку вяртання ў Беларусь яму пагражае небяспека. Беларус сцвярджае, што дэзерціраваў з беларускага войска, паколькі адмовіўся падпісваць дакументы аб выкарыстанні фізічнай сілы супраць грамадзянскага насельніцтва. Паводле яго слоў, ён перанёс здзекі і псіхалагічны гвалт.

Суд у пятніцу абвясціў, што Дэпартамент не сабраў дастатковую колькасць дадзеных аб сітуацыі ў Беларусі ў праваабарончых арганізацый, парушыў парадак і працэдуры разгляду просьбы, не патлумачыў належным чынам правы і абавязкі.

«Дэпартамент міграцыі не вывучыў і не ацаніў абставіны, у сілу якіх ён (Захарчанка) пакінуў краіну паходжання, не сабраў дастатковую колькасць дадзеных аб становішчы ў Беларусі ў існуючых у Літве праваабарончых арганізацый», - гаворыцца ў прэс-рэлізе суду.

Перагледзець рашэнне ў чацвер заклікалі ДМ таксама міністр унутраных спраў і міністр юстыцыі.

Беларус, які ўцёк з войска, зараз жыве ў Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў у Пабраде, што недалёка ад беларускай мяжы.

Літоўская Генпракуратура атрымала некалькі просьбаў аб дапамозе Беларусі па пытанні экстрадыцыі Захарчанкі, аднак ад падрабязных каментароў адмаўляецца.

Гэта рашэнне суда на працягу 14 дзён у апеляцыйным парадку можна абскардзіць у Галоўным адміністрацыйным судзе Літвы.

Апошнія навіны