BE RU EN

Кіраўнік МУС Літвы заклікае даць прытулак беларускаму салдату

  • 11.10.2012, 11:44

Міністр унутраных спраў Літвы не хоча паўтарыць памылку, якая каштавала свабоды Алесю Бяляцкаму.

За дзень да вынясення рашэння суда міністр унутраных спраў Літвы Артурас Мелянас паведаміў, што звярнуўся ў Дэпартамент міграцыі (ДМ) з просьбай паўторна разгледзець пытанне аб прадастаўленні прытулку ваеннаслужачаму Сцяпану Захарчанке, які ўцёк з Беларусі, піша «Інтэрфакс».

«Суд у гэтай справе прыме рашэнне, аднак я звярнуўся ў Дэпартамент міграцыі і яшчэ раз папрасіў яго ацаніць і ўзважыць усю сукупнасць акалічнасцей», - сказаў Мелянас для прэс-рэлізу.

Нагадаем, Віленскі акруговы суд (ВАС) у пятніцу павінен прыняць рашэнне, ці задаволіць скаргу грамадзяніна Беларусі з нагоды рашэння Дэпартамента міграцыі адмовіць яму ў прадастаўленні прытулку і часовай аховы.

Мелянас сцвярджае, што Дэпартамент міграцыі павінен прыняць да ўвагі «чалавечы фактар» і магчымыя палітычныя наступствы, «якія ўзнікаюць не толькі пры ўцёках з суседняй краіны, але і пры асцярогах вярнуцца ў яе ў сілу зразумелых наступстваў».

Па словах міністра, пры вырашэнні пытанняў такога характару неабходна раіцца з МЗС, каб не паўтарыць памылку, калі Мінюст перадаў беларускаму рэжыму дадзеныя аб банкаўскіх рахунках беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Справу 22-гадовага Сцяпана Захарчанкі Віленскі акруговы суд разгледзеў у пачатку кастрычніка. Беларус сцвярджае, што дэзерціраваў з беларускага войска, паколькі адмовіўся падпісваць дакументы аб выкарыстанні фізічнай сілы супраць грамадзянскага насельніцтва. Ён просіць абавязаць Дэпартамент міграцыі разгледзець яго прашэнне зноў і належным чынам. ДМ сцвярджае, што прыняў абгрунтаванае і законнае рашэнне ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі і на радзіме пагрозы для яго не будзе. Літоўская Генпракуратура атрымала некалькі просьбаў аб дапамозе Беларусі па пытанні экстрадыцыі Захарчанкі, аднак ад падрабязных каментароў адмаўляецца.

Апошнія навіны