BE RU EN

Cем’і палітвязняў падзякавалі Папу

  • 1.10.2012, 9:56

Сваякі беларускіх палітвязняў выказалі падзяку Папе Рымскаму за ўвагу да зняволеных.

Яны папрасілі яго паспрыяць іх хутчэйшаму вызваленню і не спыняць малітваў за Беларусь, піша «Наша Нiва».

Адкрытым лістом сваякі палітвязняў адрэагавалі на візіты Апостальскага нунцыя ў беларускія турмы, дзе ён сустрэўся з Мікалаем Статкевічам, Зміцерам Дашкевічам, Паўлам Севярынцам, Алесем Бяляцкім, Сяргеем Каваленкай і Паўлам Сырамалотавым.

Вядома, што ў аўторак арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэнецца з Папам Бэнэдыктам XVI, і адной з тэм размовы будуць беларускія палітвязні.

Сваякі палітвязняў пішуць, што «на працягу 17 гадоў у нашай краіне кіруе апошні дыктатар Еўропы» і называюць «грэшнай» сістэму, «якая трымаецца на хлусні і страху».

Яны звяртаюцца да Папы «з просьбай маліцца за нас, за Беларусь, за тых, хто пакутуе ў вязніцах, церпіць здзекі, гвалт, аддае сваё жыццё дзеля праўды, свабоды, справядлівасці і будучыні, пабудаванай не на камуністычных, а на хрысціянскіх каштоўнасцях».

Апошнія навіны