BE RU EN

Грамадзкую актыўнасць назвалі «самаўпраўствам»

  • 10.01.2012, 13:49

Баранавіцкія чыноўнікі абвінавачваюць прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса ў самаўпраўстве.

9 студзеня баранавіцкі грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус быў выкліканы ў гарадскі аддзел унутраных спраў (кабінет № 106 ГАУС, вуліца 50 год УЛКСМ, д.1). У гутарцы з маёрам міліцыі Віталём Дабрачынскім і лейтэнантам Аляксандрам Самцэвмчам ён даведаўся, што баранавіцкія чыноўнікі яго вінавацяць у самаўпраўстве.

Мікалай Чарнавус паведаміў ПЦ «Вясна», што з Баранавіцкага гарвыканкама ў пракуратуру быў накіраваны ліст, у якім сказана, што актывіст парушае заканадаўства пры стварэнні грамадскага аб'яднання ўкраінскай дыяспары «Кабзар». Таксама Мікалая Чарнавуса абвінавачваюць у абразе мясцовай улады. Падставай для гэтага стала тое, што грамадскі актывіст назваў махлярствам паўторныя выбары Савета цэнтральнага рынку, якія правяла ягоная адміністрацыя ў снежні 2011 года.

Сам Мікалай Чарнавус лічыць, што ціск на яго пачаўся таму, што ён падаў у гарвыканкам заяву на мітынг 19 студзеня, у якім плануецца ўдзел 600 прадпрымальнікаў. На мітынгу Мікалай Чарнавус плануе праінфармаваць прадпрымальнікаў і грамадскасць горада аб несумленных снежаньскіх выбарах Савета цэнтральнага рынку і махлярстве фірмы «Ралет-мантаж» пры забудове боксаў на Баранавіцкім кааператыўным рынку.

Размова ў міліцыі скончылася складаннем тлумачальнай.

Апошнія навіны