«Ціхары» давялі жанчыну да гіпэртанічнага крызу
- 7.07.2011, 12:36
Галіна Ганчарык разам з колішняй сяброўкай Святланай Вяргейчык ўчора ўвечары мелі намер сустрэцца з унучкай Ганнай і ейным маладым чалавекам.
Дамовіліся перасекчыся ля палаца чыгуначнікаў. Такія шпацыры жанчыны робяць рэгулярна вось ужо некалькі гадоў. Але на гэты раз ніхто не вярнуўся дадому, паведамляе сайт ucpb.org.
Невядомыя людзі ў цывільным паспрабавалі захапіць Ганну, аднак бабулі ўступіліся за ўнучку. Без цырымоній, здаравенныя жлабы закінулі ў машыну ўсіх жанчын. Цэлы вечар родныя затрыманых жанчын абтэлефаноўвалі міліцэйскія ўстановы, спрабуючы атрымаць хоць якую-небудзь інфармацыю. Дачцэ Галіны Аляксееўны, якая дзяжурыла каля Кастрычніцкага РУУС, ужо ўначы атрымалася ўбачыць, як іх пагрузілі ў аўтазак і павезлі на Акрэсціна.
Ужо ноччу Святлану Вяргейчык з Акрэсціна павезлі ў 9-ю бальніцу з гіпертанічным крызам. Жанчына ў цяжкім стане.
Журналістам атрымалася звязацца са Святланай Вяргейчык, якая знаходзіцца ў лякарні. Яна паведаміла, што «разам з Галінай Аляксееўнай Ганчарык сядзелі на зэдліку, калі да іх падышла Ганна з ейным маладым чалавекам Канстанцінам Мысліцкім. Праз імгненне на маладых людзей накінуліся невядомыя ў цывільным. Ужо ў аддзяленні РУУС Кастрычніцкага раёна адзін з міліцыянтаў ударыў яе локцем у грудзі так, што яна ледзь не страціла прытомнасць. Ёй стала дрэнна, аднак, Святлану, як і іншых затрыманых перавезлі на Акрэсціна
Палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі рыхтуе зварот у Генеральную пракуратуру па факце сілавога захопу сябраў партыі Галіны Ганчарык, Святланы Вяргейчык, а таксама іншых актывістаў, затрыманыя ў розных гарадах па ўсёй Беларусі.