BE RU EN

Затрыманы яшчэ адзін адміністратар суполкі Вконтакте

  • 6.06.2011, 11:08

Зміцер Няфёдаў адказваў за суполку «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.

3 чэрвеня, у пятніцу, каля апоўначы на ​​кватэру да Зміцера Няфёдава прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі КДБ. Афіцыйна - па справе так званага падпалу Дома правасуддзя. Як паведаміў адзін з сяброў Няфёдава, ператрус праводзіўся павярхоўна. Галоўная мэта прыходу - забраць кампутар. Зміцер - адзін з адміністратараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ВКонтакте, піша «Наша Ніва».

Падчас ператрусу на Няфёдава склалі адміністрацыйны пратакол. Маўляў, ён лаяўся на супрацоўнікаў КДБ.

Судзіць яго будуць у судзе Заводскага раёна сталіцы. Пакуль невядома калі і ў які час.

Пасля затрымання Няфёдава яго паспелі выдаліць з ліку адміністратараў супольнасці. Таму доступу да яе Зміцер ужо не мае.

Суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікае людзей выходзіць у вызначаны час на галоўную плошчу свайго горада. Выходзіць, каб паказаць, колькі дакладна людзей жадае пераменаў. Ні аб якіх гвалтоўных дзеяннях гаворкі ў супольнасці не вядзецца.

Гэта ўжо не першы выпадак за апошнія дні, калі спецслужбы затрымліваюць адміністратараў груп Вконтакте. Таксама ў пятніцу, 3 чэрвеня, у КДБ забралі Сяргея Паўлюкевіча («Мы за вялікую Беларусь!», «Марш мільёнаў»). Маладому чалавеку загадалі выдаліць суполкі.

Апошнія навіны