BE RU EN

Літва можа адмяніць плату за візу для беларусаў ужо гэтым летам

  • 21.06.2011, 0:26

Міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс абяцае ўжо гэтым летам выдаваць грамадзянам Беларусі літоўскія візы за сімвалічную плату.

У цяперашні час грамадзяне Беларусі плацяць за візы па 60 еўра.

«Я б хацеў, каб плата была сімвалічнай. Буду рабіць усё, каб рашэнне прынялі як мага хутчэй. Мне б хацелася, каб ужо летам грамадзяне Беларусі маглі скарыстацца гэтай магчымасцю», - сказаў BNS міністр.

Пра гэта міністр заявіў праз некалькі гадзін пасля таго, як літоўскі парламент дазволіў ураду прызначыць плату за візы па больш гнуткай сістэме. Па сцвярджэнні МЗС, ініцыятывы ў сувязі з палёгкай атрымання віз радавымі грамадзянамі Беларусі накіраваныя на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці ў гэтай краіне, перадае Delfi.

20 чэрвеня закон аб консульскім зборы дадалі устаноўкай, што ўрад можа знізіць плату за візы або наогул яе адмяніць не толькі на правах парытэту, але і калі гэта неабходна для дасягнення мэтаў знешняй палітыкі і нацбяспекі.

Па законе, урад Літвы мог адмяніць консульскі збор за нацыянальныя візы памерам у 60 еўра толькі ў тым выпадку, калі такія ж меры прыняла б Беларусь.

«Спадзяюся, што Беларусь паступіць аналагічным чынам у адносінах да грамадзянаў Літвы», - сказаў BNS міністр.

Апошнія навіны