Раман Бязсмертны: Інфармацыя будзе даведзеная да МЗС Украіны
- 4.05.2011, 21:56
Амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны пацвердзіў інфармацыю аб затрыманні ў Менску кіраўніка інстытута «Рэспубліка», украінскага праваабаронца Уладзіміра Чамерыса.
«Па аператыўнай інфармацыі, сапраўды сёння ў Менску затрыманы Уладзімір Чамерыс. Ён зараз знаходзіцца ў Першамайскім РАУС. Гэта - аператыўныя дадзеныя, пакуль ніякіх афіцыйных дадзеных мы не атрымлівалі», - сказаў ён па тэлефоне ў эфіры «5 канала» ў сераду ўвечары.
Па папярэдніх дадзеных, Чамерыс затрыманы падчас зносінаў «або з калегамі, або з журналістамі», адзначыў дыпламат.
«Ніякіх матэрыялаў адносна прычын затрымання ці канкрэтных абвінавачванняў нам не прадастаўлялі», - дадаў амбасадар Украіны ў Беларусі.
Бязсмертны таксама паведаміў, што гэтая інфармацыя будзе даведзеная да Міністэрства замежных справаў Украіны.
Раней у прэс-службе МЗС Украіны паведамілі, што інфармацыя СМІ аб затрыманні ў Менску Чамерыса правяраецца.
Чамерыс, які прыехаў у Менск для ўдзелу ў канферэнцыі па правах чалавека, затрыманы ў Беларусі ў 20.00 для праверкі на прадмет дачынення да тэрарыстычнага акту 11 красавіка ў менскім метро.