BE RU EN

Валютны крызіс. Ва ўсім вінаватыя веласіпедысты?

  • 5.04.2011, 14:54

Лукашэнка, нарэшце, вырашыўся пракаментаваць валютны крызіс, што захліснуў краіну.

Аказваецца, прычынай катастрафічнага становішча на валютным рынку сталі не гіганцкі дысбаланс у знешнім гандлі і не папулісцкае павышэнне заробкаў напярэдадні выбараў, а веласіпедысты аўтамабілісты.

"Вядома, нас вельмі моцна падкасіў ажыятаж з аўтамабілямі. Мы паглядзелі, там больш за мільярд. Былі нават прапановы ўвесці зараз гэтую пошліну. Але гэта ўдар па людзях, навошта ж ужо сваіх людзей ціснуць. Вытрымаем мы гэта, няхай людзі купяць сабе машыну якую хочуць, заменяць, калі трэба. Не можам жа мы чалавека задушыць з-за гэтай валюты", - сказаў так званы прэзідэнт сёння ў час наведвання фабрыкі цацак "Палессе" і БПК "Узыходзячая зара".

"Але насамрэч: валюта ёсьць - ідзі купляй, прадавай, няма валюты - з засекаў мы больш браць не будзем, золатавалютны рэзерв - гэта святое. Мы павінныя яго папаўняць", - падкрэсліў самапрызначаны прэзідэнт.

"Ну хочуць людзі купіць, што ж зробіш. Таму я і Нацбанку сказаў, і ўраду, што ні ў якім выпадку наступаць на людзей нельга. Няхай людзі рэалізуюць сваё жаданне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, павелічэнне колькасці асабістага аўтатранспарту ў краіне таксама мае свой станоўчы бок, бо ўзнікае неабходнасць аказання адпаведных паслуг, а гэта новыя працоўныя месцы, растуць продажы паліва, падаткаабкладаемая база.

"Таму спакойна трэба да гэтага ставіцца. Так, быў нейкі ажыятаж. Зараз ён значна меншы, пайшоў на спад, - адзначыў кіраўнік. - Усё сыдзе, але людзі не прад'явяць нам прэтэнзіі, што мы закрылі ім магчымасць купіць тое, што яны хочуць".

"Галоўнае - гэта прадаць больш, чым прывезці з-за мяжы. Хопіць жыць за кошт кагосьці", - зрабіў выснову Лукашэнка ў духу Капітана Відавочнасць.

Апошнія навіны