Расейскаму праваабаронцу загадана ў 24 гадзіны пакінуць Беларусь
- 28.04.2011, 22:01
Гэта ўжо далёка не першая дэпартацыя расейскіх праваабаронцаў і журналістаў з Беларусі.
Расейскаму праваабаронцу Івану Кандраценку прадпісана на працягу 24 гадзін пакінуць Беларусь, паведамілі БелаПАН у міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Кандраценка быў затрыманы 28 красавіка ў 13.30 у судзе Кастрычніцкага раёна Менска, дзе ён назіраў за працэсам над фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня - Андрэем Пратасенем, Паўлам Вінаградавым, Зміцерам Драздом, Уладзімірам Хамічэнкам і Алесем Кіркевічам.
Праваабаронцу даставілі ў Маскоўскі РУУС Менска, дзе ў яго адабралі пашпарт на падставе праверкі на сапраўднасць і абодва тэлефона. На волі Кандраценка апынуўся ў 18.00, пратакол аб затрыманні не складаўся. Яму ўручанае апавяшчэнне міграцыйнай службы з загадам пакінуць тэрыторыю Беларусі на працягу 24 гадзін.
«Сітуацыя вельмі нагадвае тое, што адбылося з Андрэем Юравым, кіраўніком міжнароднай назіральнай місіі, - заявіў прадстаўнік місіі ў Беларусі, сябар Савета пры прэзідэнце Расеі па садзейнічанні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Валянцін Гефтэр. - Кандраценку затрымалі ў той момант, калі ён ажыццяўляў праваабарончы маніторынг у судзе. Тым самым Беларусь працягвае дэманстраваць грэбаванне сваімі міжнароднымі абавязальніцтвамі ў межах АБСЕ і ААН, прыняўшы якія, яна пагадзілася з міжнародным кантролем за сітуацыяй з правамі чалавека на сваёй тэрыторыі. У гэтым кантэксце любыя выправаджэнні і забароны на ўезд праваабарончых назіральнікаў недапушчальныя. Асабліва цынічна гэта выглядае па адносінах да грамадзянаў Расеі, з якой у Беларусі заключаная Дамова аб стварэнні «саюзнай дзяржавы».