BE RU EN

Беластоцкі суд хоча выдаць палітуцекача Беларусі?

  • 18.04.2011, 14:41

15 красавіка раённы суд Беластока чарговы раз разглядаў справу беларускага прадпрымальніка Андрэя Жукаўца.

Судовыя паседжаньні над Жукаўцом у Польшчы доўжацца амаль 10 год, беларускі бок патрабуе ягонай экстрадыцыі. Як распавёў у прамым эфіры Еўрарадыё сам Жукавец, у Беларусі ён быў дырэктарам фірмы "Трэйс". У адпаведнасці з дырэктывай прэзідэнта, ягоную фірму закрылі, кажа прадпрымальнік, хоць не мелі на гэта права: арганізацыя для сваёй дзейнасці ўзяла крэдыт ў 700 тысяч даляраў і павінная была яго выплочваць.

Пасля закрыцця фірмы Жукавец спрабаваў пагашаць крэдыты, але банк гэтыя грошы не прымаў. Праблемы ў бізнэсе, што ўзніклі ў фірмы "Трэйс", Жукавец звязвае з тым, што актыўна дапамагаў "Маладому фронту". Андрэй змушаны быў пакінуць краіну і прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Але пераслед не спыніўся і за межамі Беларусі. Па гэтай справе Жукавец быў арыштаваны ў 2001 годзе і ў Польшчы, правёў у зняволенні 85 дзён. Больш за месяц ён трымаў за кратамі галадоўку. З-пад арышту яго вызвалілі пасля таго, як у справу ўмяшаўся былы прэзідэнт Польшчы, а на той час генеральны пракурор краіны Лех Качыньскі. У абарону Жукаўца выступілі Юрый Хадыка, Алег Трусаў, Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец.

Сёння ў судзе Жукавец чарговы раз патрабаваў, каб яго не судзілі па дакументах, якія ў выглядзе ксеракопій прадастаўленыя суду. Да таго ж іхнія пераклады на польскую мову не адпавядаюць арыгіналам. Як заявіў палітуцякач, справа не толькі фальшаваліся ў Беларусі па замове КДБ, але і працягвае фальшавацца ў Польшчы: за 10 гадоў ён налічыў каля 600 таму доказаў. Так, да прыкладу, у арыгінале мытнай дэкларацыі дэкларантам з'яўляецца "Транстэхсервіс", у перакладзе дэкларант названы ўжо "Трансэкссервіс", краіна-адпраўнік ў арыгінале Германія, у перакладзе - Брытанскія Віргінскія Выспы. У даведцы аб парушэннях і асноўных паказчыках работы фірмы "Трэйс" подпіс Жукаўца адсутнічае, у перакладзе прапісана, што "подпіс невыразны". Чаму судовы перакладчык пайшоў на фальсіфікацыю, Жукавец можа толькі здагадвацца. Хоць журналісты польскай газеты "Реч Паспалітая" сцвярджаюць, што перакладчыкі за фальшывыя пераклады ў 2008 годзе атрымалі ад пракурора 90 тыс. злотых, да таго ж перакладчыкі добра знаёмыя з супрацоўнікамі беларускай амбасады ў Беластоку.

Па словах Жукаўца, падчас сённяшняга працэсу суддзя не хацеў звяртаць увагі на памылкі і фальсіфікацыі дакументаў. Таксама суд адхіліў ягоныя хадайніцтва аб тым, каб справа разглядалася ў іншым ваяводстве Польшчы (па польскім заканадаўстве, ягоную справу немагчыма перадаць у вышэйстаячую інстанцыю).

Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зняволеньня і экстрадыцыя ў Беларусь. Нагадаем, за апошнія два тыдні ў Варшаве прайшлі акцыі ў падтрымку Андрэя Жукаўца перад Генеральнай пракуратурай і перад Міністэрствам юстыцыі.

Апошнія навіны