BE RU EN

КДБ апублікаваў ліст Міхалевіча Лукашэнку (Фота)

  • 4.03.2011, 16:53

Палітык заяўляе, што пісаў яго пасля катаванняў, але гэтага аказалася мала і яго працягвалі мучыць.

Сёння на сайце Камітэта дзяржбяспекі з'явілася паведамленне наступнага зместу:

«ЦІГС афіцыйна канстатуе, што заявы А. Міхалевіча адносна канфідэнцыйных адносінаў з органамі дзяржаўнай бяспекі і «катаванняў» у СІЗА не адпавядаюць рэчаіснасці, а інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў сувязі з гэтым, з'яўляецца паклёпніцкай.

Следствам рашэнне аб змене ў дачыненні да яго меры стрымання было прынятае па ўзгадненні з органамі пракуратуры на падставе вынікаў праведзеных следчых мерапрыемстваў, у адпаведнасці з заяўленай ім пазіцыяй пра разуменне ўсёй адказнасці за здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні, а таксама з улікам уласнаручнага напісання прашэння аб літасці. Да заканчэння следчых дзеянняў ЦІГС прадстаўляе толькі некаторыя вытрымкі з дадзенага прашэння.

Пры такіх абставінах, прымаючы пад увагу добра вядомыя характарыстыкі асобы А. Міхалевіча, органам дзяржаўнай бяспекі не было неабходнасці ўсталёўваць дадатковыя адносіны.

Прычыны, па якіх А. Міхалевіч пра гэта замоўчвае, а таксама факты ягонага дачынення да парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку да распаўсюджванню паклёпніцкай інфармацыі, будуць усталёўвацца ў працэсе правядзення далейшых следчых мерапрыемстваў».

У інтэрв'ю сайту charter97.org Алесь Міхалевіч у адказ на гэта заявіў: «Так, я напісаў гэтую заяву 10 студзеня, пасля правядзення са мной катаванняў, пра якія я казаў на прэс-канферэнцыі. Гэтага органам КДБ падалося мала, і мяне трымалі ў СІЗА да 17 лютага, калі я пагадзіўся падпісаць заяву аб супрацоўніцтве з КДБ».

Заўтра, у 10.00 Міхалевіча выклікаюць на допыт у КДБ.

Нагадаем, што 28 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч заявіў, што з СІЗА КДБ яго вызвалілі пасля згоды стаць агентам. Па словах палітыка, на гэты крок ён вымушаны быў пайсці «з-за жудасных умоваў утрымання ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні». Як сцвярджае Міхалевіч, у турме КДБ яго ставілі на расцяжку ў кайданках, выводзілі на холад, прымушалі стаяць каля сцяны 40 хвілін, не выключалі электрычны свет у камеры, пол у камэры фарбавалі фарбай на ацэтоне і прымушалі зняволеных дыхаць гэтымі выпарэннямі, трымалі у перапоўненай камеры.

Апошнія навіны