BE RU EN

Валютны рынак блізкі да паралічу

  • 17.03.2011, 17:35

На валютным рынку Беларусі можа скласціся сітуацыя, блізкая да паралічу, лічаць эксперты.

«Сітуацыя на самой справе цяжкая. Напярэдадні, 16 сакавіка, быў першы вельмі сур'ёзны сімптом, калі на ўсіх сегментах валютнага рынка - біржавым, міжбанкаўскім і наяўным - фактычна гандаль спыніўся», - заявіў у інтэрв'ю БелаПАН беларускі эканаміст, незалежны фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Гэта, па ягоных словах, стала следствам апошніх валютных абмежаванняў і адміністрацыйных рашэнняў Нацбанка. У выніку ў сітуацыі, калі склаўся ажыятажны попыт на валюту, банкі не маглі аператыўна папоўніць свае валютныя запасы, і ім папросту няма чым было закрыць попыт насельніцтва. «Прытым што ў Нацбанку валюта была. І толькі 16 сакавіка ім стала зразумела, што «пажар» трэба чымсьці тушыць і валюту пачалі падвозіць», - адзначыў Чалы.

На дадзены момант, працягнуў ён, становішча такое: «Пакуль у Нацбанку будуць «разбірацца» з фізічнымі асобамі, сітуацыя з забеспячэннем валютай юрыдычных асоб у бліжэйшы час не зменіцца».

Нагадаем, з 16 сакавіка замаўляць валюту на Беларускай валютна-фондавай біржы банкам трэба за 30 дзён да пакупкі. Раней біржа прадавала валюту на наступны дзень пасля заяўкі.

«Ужо і самі банкі кажуць аб тым, што ў сітуацыі немагчымасці набыцця валюты магчымыя пратэрміноўкі па пагашэнні валютных даўгоў рэзідэнтамі або нерэзідэнтамі. Адпаведна гэта будзе пагаршаць балансавыя пазіцыі банкаў», - дадаў фінансавы аналітык.

Ён таксама нагадаў аб ўведзенай у сакавіку забароне прадпрыемствам набываць на ўнутраным рынку замежную валюту для імпарту абсталявання, кошт якога перавышае 50 тыс. еўра. Між тым, як падкрэсліў Чалы, пад абмежаванні, прадугледжаныя ў пастанове ўрада і Нацбанка, патрапіла не толькі інвестыцыйная, але і значная частка спажывецкага імпарту.

Абмежаванні на валютным рынку ўжо выклікалі незадаволенасць сярод партнёраў па Мытным саюзе і АЭП, указаў эксперт.

Апошнія навіны