BE RU EN

"Еўрапейская Беларусь" патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў

  • 7.01.2011, 22:13

Кампанія "Еўрапейская Беларусь" патрабуе ад сусветнай супольнасці ўвядзення самых жорсткіх палітычных і эканамічных санкцый у адносінах да ўзурпатара і безумоўнага неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 5 студзеня заявіў каардынатар "Еўрапейскай Беларусі" Зміцер Бародка.

Дыктатура развязала сапраўдную вайну супраць палітычных апанентаў і ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі. У турмах пасля выбараў прэзідэнта апынуліся больш за 700 чалавек, у СІЗА КДБ знаходзяцца лідэры кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, а таксама кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч, начальнікі штабоў, дэмакратычныя актывісты і журналісты. Па ўсёй краіне праходзяць ператрусы і допыты актывістаў. Відавочна, пастаўлена задача - знішчыць усе рэальныя палітычныя сілы краіны, здольныя супрацьстаяць дыктатуры.

Мы звяртаемся да лідэраў Еўрапейскага звяза, ЗША і ўсяго цывілізаванага свету даць дзейсны адпор нахабнаму дыктатару. Толькі увядзенне жорсткіх палітычных і эканамічных санкцый здольнае спыніць махавік рэпрэсій. Заклікаем не дапусціць гандаль закладнікамі і дамагчыся безумоўнага вызвалення арыштаваных лідэраў нацыі і ўсіх палітвязняў.

Мы таксама заклікаем даць слова на пазачарговым паседжанні Еўрапарламента 12 студзеня прадстаўнікам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава: Ірыне Багданавай (сястры Андрэя Саннікава) і Наталлі Калядзе (дырэктарцы "Свабоднага тэатра" і каардынатарцы глабальнай міжнароднай кампаніі салідарнасці з Беларуссю).

Заклікаем ўвесь цывілізаваны свет звярнуць увагу на ключавыя крокі па ціску на дыктатара:

1. Безумоўнае вызваленне ўсіх палітзняволеных.

На 3 студзеня па так званай крымінальнай справе аб масавых беспарадках абвінавачваюцца каля 30 чалавек (кандыдаты ў прэзідэнты, начальнікі штабоў, журналісты і актывісты). Частка з іх знаходзіцца ў турме КДБ, частка - пад падпіскай аб нявыездзе. Ім пагражае турэмнае зняволенне на тэрмін да 15 гадоў.

Лукашэнка практыкуе "гандаль закладнікамі". Такі гандаль мы лічым амаральным. Выкуп закладнікаў правакуе новыя арышты і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці.

2. Непрызнанне афіцыйных вынікаў выбараў.

Шматлікія факты сведчаць аб тым, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя. Незалежныя назіральнікі і сябры каманд кандыдатаў фактычна не былі дапушчаныя да падліку галасоў. Падлікам галасоў займаліся залежныя ад улады людзі. Асноўны інструмент фальсіфікацый - датэрміновае галасаванне (23,1% прагаласавалі датэрмінова).

3. Увядзенне эканамічных і палітычных санкцый.

За 16 год кіравання Лукашэнка паказаў сябе як хлусьлівы і недамоваздольны палітык. Толькі жорсткія эканамічныя і палітычныя санкцыі з боку ЕЗ і ЗША здольныя прымусіць яго адмовіцца ад рэпрэсіяў і шукаць кампраміс. Візавыя абмежаванні і блакаванне рахункаў чыноўнікаў дыктатара не здольныя істотна саслабіць рэжым у Беларусі. Неабходна дамагацца аналагічных санкцый з боку Расеі, якая фактычна працягвае субсідаваць беларускі рэжым.

4. Голас беларускіх дэмакратычных лідэраў у Еўрапарламенце.

Падчас слуханняў па Беларусі ў Еўрапарламенце 12 студзеня 2011 г. меркаванне лідэраў дэмакратычнага руху (кандыдатаў у прэзідэнты), якія знаходзяцца ў турме, можа быць не агучанае. Мы хацелі б, каб прадстаўнік аднаго з лідэраў прэзідэнцкай кампаніі Андрэя Саннікава выступіў на слуханнях (Ірына Багданава, сястра Саннікава). Таксама неабходная прысутнасць на слуханнях дырэктаркі Беларускага Свабоднага тэатра Наталлі Каляды - галоўнага голаса глабальнай міжнароднай кампаніі салідарнасці з Беларуссю, падтрыманай Вацлавам Гавэлам, Стывенам Спілбергам, Мікам Джагерам, Джэрамі Айроансам, Джудам Лоў, Томам Стопардам, Іеноам МакКеленам і іншымі сусветна вядомымі асобамі.

5. Разгляд у Радзе Бяспекі ААН тэмы зніклых беларускіх палітыкаў.

У жніўні 2010 года лідэры беларускай апазіцыі звярнуліся ў Раду Бяспекі ААН з просьбай правесці міжнароднае расследаванне выкраданняў вядомых беларусаў. Зварот быў накіраваны міністрам замежных спраў сталых удзельнікаў Савета Бяспекі - Кітая, Расеі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША. Неабходна дамагчыся разгляду гэтага пытання і стварыць Спецкамісію для расследавання.

Тэкст ліста: https://charter97.org/be/news/2010/8/6/31138/

6. Падтрымка грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнага руху і незалежных СМІ.

Апошнія рэпрэсіі ў Беларусі сведчаць аб тым, што дыктатура паставіла перад сабой мэту - поўнае выкараненне іншадумства ў краіне. Арыштоўваюцца, абшукваюць, атрымліваюць пагрозы сям'і дэмакратычных палітыкаў, актывісты, журналісты, адвакаты. Канфіскоўваецца тэхніка, пад страхам арышту людзі вымушаныя з'язджаць з Беларусі. Без падтрымкі дэмакратычнага свету беларуская грамадзянская супольнасць асуджаная на разгром.

Грамадзянская кампанія "Еўрапейская Беларусь"

Апошнія навіны