Рэферэндум у Малдове прызнаны несапраўдным
- 6.09.2010, 8:55
У рэферэндуме прынялі ўдзел усяго 30,98% выбаршчыкаў.
Рэферэндум па вызначэнні формы выбараў прэзідэнта Малдовы, які праводзіўся ў краіне ў нядзелю, прызнаны несапраўдным, паведаміў РІА «Новости» старшыня ЦВК Малдовы Яўген Штырбу.
У нядзелю грамадзяне Малдовы на рэферэндуме павінны былі вызначыць форму выбараў прэзідэнта краіны - ці застанецца яна, як зараз, парламенцкай, ці будзе змененая на усенародную. Лідэры кіруючай кааліцыі, нягледзячы на існуючыя паміж імі непрымірымыя рознагалоссі, заклікалі грамадзянаў рэспублікі прыйсці на рэферэндум. Экс-прэзідэнт Малдовы, старшыня апазіцыйнай партыі камуністаў Уладзімір Варонін заклікаў электарат падтрымаць абвешчаны камуністамі байкот рэферэндуму.
Паводле дадзеных ЦВК, у рэферэндуме прынялі ўдзел 30,98% выбаршчыкаў пры парозе яўкі ў 33,33% выбаршчыкаў.
Такім чынам, у Малдове працягвае дзейнічаць 78-ы артыкул канстытуцыі, якая прадугледжвае выбары прэзідэнта парламентам.
За ходам рэферэндуму ў Малдове назіралі прадстаўнікі міжнароднай супольнасці, у тым ліку ад СНД, Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы і іншых арганізацый, акрамя АБСЕ, якая, па заяве кіраўніка місіі ў Малдове Філіпа Рэмлера, ажыццяўляе назіранне за рэферэндумамі толькі ў выключных выпадках.
Пасля чарговых парламенцкіх выбараў у Малдове, якія адбыліся 5 красавіка 2009 і афіцыйную перамогу на якіх атрымала партыя камуністаў на чале з прэзідэнтам Уладзімірам Вароніным, у Кішынёве пачаліся масавыя пратэсты. Цяперашні склад парламента Малдовы сфарміраваны паводле вынікаў датэрміновых выбараў, якія прайшлі 29 ліпеня 2009 года.
Дзве спробы новага парламента абраць прэзідэнта (10 лістапада і 7 снежня 2009) завяршыліся безвынікова. Паводле Канстытуцыі, абавязкі прэзідэнта часова выконвае спікер парламента.