BE RU EN

Чыгуначны вакзал «замінавалі» бутэлькай віскі (Фота)

  • 20.08.2010, 13:52

Падазрэнне міліцыі выклікаў пакет з пабітай пяцілітровай бутэлькай віскі і скрутак вяровак.

Каля 10 гадзін раніцы 20 жніўня супрацоўнікі транспартнай міліцыі звярнулі ўвагу на падазроны прадмет ля ўваходу ў міжнародныя касы Цэнтральнага чыгуначнага вакзала Менска. І, не здолеўшы самастойна вызначыць, ці не ўяўляе гэтая рэч небяспекі, выклікалі сапёраў, перадае «Еўрарадыё».

Карэспандэнт «Еўрарадыё» прыйшоў на месца падзей фактычна адначасова з групай мінёраў. Пакуль спецыялісты высвятлялі, што з сябе ўяўляе падазроны прадмет, які быў пакінуты каля сметніцы побач з міжнароднымі касамі, супрацоўнікі праваахоўных органаў ўстрымліваліся ад каментароў. Але потым вызначылі, што прычынай выкліку стаў пакет з пабітай пяцілітровай бутэлькай віскі і скрутак вяровак.

Паводле словаў кіраўніка транспартнай міліцыі чыгуначнага вакзала Генадзя Завадскага, выклікаць сапёраў супрацоўнікам іх аддзела прыходзіцца даволі часта. І так сябе паводзіць міліцыянтам рэкамендуюць падчас інструктажаў:

«На штодзённых інструктажах даводзяць інфармацыю пра прыкметы выбуховых прыладаў - як гэта можа выглядаць, на што падобнае. І яны падчас нясення службы абавязкова звяртаюць увагу на ўсе падазроныя прадметы. У тым выпадку, калі не могуць вызначыць прыналежнасць, што там канкрэтна знаходзіцца, выклікаюцца сапёрна-піратэхнічныя службы для праверкі».

Праўда, не змог прыгадаць, калі апошні раз пільнасць міліцыянтаў была апраўданай.

Апошнія навіны