BE RU EN

На вуліцу імя Ларысы Геніюш у Зэльве няма грошай

  • 17.08.2010, 16:55

Чыноўнікі Гродзенскага аблвыканкама адмовіліся пераназываць вуліцу Савецкую ў Зэльве ў вуліцу імя Ларысы Геніюш.

Як адзначыў у сваім лісце супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Яўген Жэбрун, «у апошні час у Гродзенскай вобласці перайменаванне вуліц у гарадах і вёсках амаль не практыкуецца».

Чыноўнікі заявілі, што існуюць юрыдычныя нязручнасці пры перарэгістрацыі, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на сайт «Маладога фронту». Перайменаванне запатрабуе сродкаў, не запланаваных ў раённым бюджэце. Акрамя таго, маўляў, з'яўляюцца складанасці ў працы паштовых аддзяленняў.

Жыхары вуліцы Савецкай сабралі 173 подпісы за перайменаванне.

Цяпер маладафронтавец Яўген Скрабутан, адзін з ініцыятараў перайменавання, хоча высветліць, колькі грошай неабходна для пакрыцця выдаткаў на перайменаванне вуліцы. У залежнасці ад сумы, магчыма, пачнецца збор сродкаў.

Апошнія навіны