BE RU EN

Лукашэнка баіцца расследавання справаў зніклых (Фота, відэа)

  • 16.08.2010, 18:16

Сотні менчукоў выйшлі 16 жніўня на акцыю «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых!». Мірная акцыя скончылася арыштамі.

Акцыя пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых!» распачалася ў 18.00 ля будынка Акадэміі навук. Больш за дзвесце чалавек выйшлі на вуліцу з партрэтамі выкрадзеных беларусаў – віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, журналіста Дзмітрыя Завадскага і бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. Тыя, хто сабраўся, сталі ля праезджай часткі праспекта Незалежнасці.

У акцыі ўдзельнічалі лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, кіраўнік менскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Віктар Івашкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, адзін з лідэраў Партыі БНФ Алесь Мех, кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін, вядомая журналістка Ірына Халіп і яе бацька, рэжысёр Уладзімір Халіп, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, моладзевыя лідэры Павал Юхневіч, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Мікола Дземідзенка, і іншыя.

Супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі тых, хто сабраўся, праз мегафон, што акцыя нібыта не санкцыянаваная, хаця, паводле пастановы Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, стаянне людзей з партрэтамі на вуліцы не парушае ніякіх законаў. Усіх, хто ішоў у гэты час да Акадэміі навук, абшуквалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, прымушаючы паказваць змесціва заплечнікаў і торбаў.

Тым не менш мерапрыемства прыцягнула велізарную колькасць мінакоў, больш за сотню чалавек стаялі на супрацьлеглым баку ад Акадэміі навук і назіралі за яе правядзеннем. Машыны сігналілі ў знак салідарнасці з удзельнікамі акцыі.

Тым не менш далучыцца да акцыі шмат хто не змог. Роўна ў 18.00 міліцыянты перасталі пускаць людзей да Акадэміі навук. Міліцыянты, якія дзяжурылі ў пераходах, заварочвалі людзей назад. Да Акадэміі навук прыбыў нават начальнік ГУУС Менгарвыканкама генерал-маёр міліцыі Леанід Фармагей.

Праз паўгадзіны людзі сталі разыходзіцца, аднак на моладзевых лідэраў, якія падавалі ў Менгарвыканкам заяўку з просьбай дазволіць правядзенне акцыі, накінуліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Першым быў арыштаваны актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Затым супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць аднаго з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» Паўла Юхневіча. Удзельнікі акцыі змаглі абараніць моладзевага лідэра. Тым не менш, ён быў збіты, яму падралі кашулю. У адказ людзі абступілі маёра ГУУС, які аддаў загад аб арышце моладзевых лідэраў, і скандавалі «Жыве Беларусь!». Пазней Юхневіч усёткі быў затрыманы – калі ўсе разашліся.

Арыштаваныя таксама актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Максім Сергіец і Андрэй Моўчан, актывіст «Моладзі БНФ» Антон Койпіш. Затрыманых даставілі ў Першамайскі РАУС і вызвалілі праз тры гадзіны без складання пратаколаў.

За акцыяй «Патрабуем міжнароднага расследавання» назіралі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Францыі, Венгрыі, Літвы, Эстоніі, Чэхіі і іншых краінаў.

Удзельнікі акцыі патрабавалі правядзення міжнароднага расследавання выкраданняў і забойстваў у Беларусі ў 1999-2000 гадах былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага.

P.S. Падчас акцыі журналіст сайта charter97.org Наталля Радзіна пацікавілася ў супрацоўнікаў АМАПа ў цывільным, якія дзяжурылі на акцыі ля Акадэміі навук, ці глядзелі яны напярэдадні фільм НТВ «Хросны бацька»? Амапаўцы напаўголасу адказалі: «Яшчэ не паспелі, але на флэшцы ўжо ёсць…». А потым уздыхнулі і дадалі: «Такая ў нас праца – хроснага бацьку абараняць…»

Відэа: "Наша ніва"

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў і яго жонка Ірына Халіп

фота: "Радыё Свабода"

Апошнія навіны