BE RU EN

Пракуратура папярэдзіла журналістку за рэпартаж пра спякоту

  • 10.08.2010, 16:19

Таццяна Бублікава атрымала папярэджанне за ажыццяўленне журналісцкай дзейнасці, не маючы акрэдытацыі пры МЗСе.

Наглядныя органы разглядалі законнасць яе дзейнасці ў сувязі з заявай агранома СВК «Урыцкае», паведамляе «Салідарнасць».

Раней аграном Віктар Лебяшкоў напісаў заяву ў пракурору Гомельскай вобласці, у якой паведаміў, што ў канцы ліпеня пасля папярэдняй дамоўленасці па тэлефоне да яго прыехала журналістка Таццяна Бублікава з аператарам – невядомым яму маладым чалавекам. Дзяўчына цікавілася ў спецыяліста, як спякота ўплывае на ўраджай. Аграном дакументы ў здымачнай групы не пытаўся, інтэрв'ю даў, а пазней даведаўся, што гэты сюжэт выйшаў у эфіры польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат». Мужчына палічыў, што яго правы парушаныя, і папрасіў пракурораў праверыць «законнасць журналісцкай дзейнасці» Бублікавай.

Яшчэ на мінулым тыдні гамяльчанка, выкліканая позвай у наглядныя органы, патлумачыла пракурору, што з 2010 года супрацоўнічае з варшаўскім прыватным прадпрыемствам «N.E.W.S. Informacije». На гэтую фірму не ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ. Па дамове яна выконвае замовы на падаванне відэаматэрыялаў.

«Ні з якімі сродкамі масавай інфармацыі я не супрацоўнічаю. Ні з замежнымі, ні з беларускімі, — дапоўніла ў тлумачэннях Таццяна. — Лічу, што заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, а таксама якое-небудзь іншае, не парушаю».

Для Бублікавай гэта першае пісьмовае папярэджанне абласной пракуратуры ў 2010-м.

«…Як выяўлена праверкай Вы, не маючы працоўных ці дамоўных адносінаў са сродкамі масавай інфармацыі і не маючы акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных справаў РБ у якасці карэспандэнта замежнага сродку масавай інфармацыі, ажыццяўлялі журналісцкую дзейнасць, што з'яўляецца парушэннем закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі… Растлумачваю, што ў выпадку паўторнага парушэння заканадаўства аб друку і іншых СМІ Вы будзеце прыцягнутыя да больш строгай адказнасці», — кажацца ў афіцыйным папярэджанні за подпісам пракурора вобласці В.П. Шаева.

— Па сутнасці, папярэджанне зробленае ў межах закона «Аб СМІ», — пракаментавала сітуацыю «Салідарнасці» Таццяна. — У адпаведнасці з гэтым законам, журналіст толькі той, у каго ёсць нейкія юрыдычныя адносіны са сродкам масавай інфармацыі. І менавіта ў гэтым, на думку пракуратуры, мая віна: я займаюся журналістыкай і не належу ні да якога СМІ. Гэта значыць працую фрылансерам. У беларускім прававым полі не прадугледжана такой формы заняцця журналістыкай. І, на думку заканадаўцы, я дзейнічаю нелегальна. Пракурор у гутарцы са мной некалькі разоў на гэта звяртаў увагу — «на думку заканадаўцы». Бублікава дадае, што папярэджанне і ўся сітуацыя з незадаволеным і звышпільным аграномам яе, вядома, абурае.

— Відавочна адно: мяне пакаралі за фрыланс, які з'яўляецца сусветна прызнанай формай працы журналіста. Але ў нашай краіне гэтая дзейнасць чамусьці знаходзіцца па-за законам. Па сутнасці, калі я не перастану ёю займацца, дык наступная скарга якога-небудзь агранома можа прывесці мяне ў суд.

Суразмоўца задаецца пытаннем: як зараз да гэтага ставіцца? «Ці то гэта забарона на прафесію журналіста, ці то гэта стымул, каб дамагацца ўвядзення ў мясцовае прававое поле паняцця «журналіст-фрылансер».

Летась Таццяне Бублікавай было ўручанае папярэджанне пракуратуры, але з фармулёўкай «за дзейнасць на карысць тэлеканала «Белсат».

— Лічу, што гэта адна з формаў мэтанакіраванай шырокамаштабнай дзяржаўнай кампаніі па ціску на незалежную прэсу, — тады каментаваў сітуацыю юрыст грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», былы суддзя Канстытуцыйнага суда РБ Міхаіл Пастухоў. — Мы бачым больш за дзясятак пракурорскіх папярэджанняў, якія ў шэрагу выпадкаў выносяцца неаб'ектыўна. Выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя сродкі, каб аказаць псіхалагічнае ўздзеянне — запалохаць журналістаў і выдаўцоў малатыражных газетаў.

Апошнія навіны