BE RU EN

БелТА стала пісаць пра культ асобы Пуціна

  • 9.07.2010, 8:59

Пасля сюжэтаў на расейскім ТБ, якія выкрывалі Лукашэнку, праўладнае агенцтва БелТА звярнулася да тэмы, якую раней не ўзнімала.

8 ліпеня на сайце агенцтва БелТА з'явіўся матэрыял пад загалоўкам «З кожным годам усё больш расейцаў бачаць у Расеі прыкметы культу асобы Уладзіміра Пуціна». Прыводзім яго поўны тэкст:

8 ліпеня, Менск /Кар. БЕЛТА/. З кожным годам усё больш расейцаў бачаць у Расеі прыкметы культу асобы Уладзіміра Пуціна. Пра гэта піша «Газета.Ru» са спасылкай на сацапытанне Левада-цэнтра ад 2-5 ліпеня.

Культ асобы прэм'ер-міністра Уладзіміра Пуціна бачыць кожны чацвёрты расеец. Згодна за апытаннем, 27% расейцаў лічаць, што «усе прыкметы культу асобы Пуціна ў наяўнасці». Яшчэ 28% мяркуюць, што культу асобы пакуль няма, але «перадумоваў для яго ўсё больш і больш». Траціна рэспандэнтаў (33%) лічаць, што «ніякіх прыкметаў такога культу няма». Нарэшце, не змаглі адказаць 12%.

Сацыёлагі адзначаюць, што для большасці расейцаў культ асобы перастаў быць страшным і негатыўным. Яшчэ чатыры гады таму культ асобы Пуціна заўважалі толькі 10%. «Рост сапраўды ўражлівы», - прызнае кіраўнік аддзела сацыяльна-палітычных даследаванняў Левада-цэнтра Барыс Дубін.

Мяркуючы па дадзеных сацапытання, культ асобы з кожным годам бачаць усё больш і больш людзей. У сакавіку 2006 года «усе яго прыкметы былі ў наяўнасці» для 10%, у кастрычніку 2007 года - ужо для 22%, яшчэ праз два гады - для 23%, а праз яшчэ менш чым год гэты паказчык вырас да 27%. Колькасць расейцаў, якія не бачаць ніякіх прыкметаў культу асобы, знізілася з 57% да 33%.

«Справа ў тым, што само паняцце культу асобы больш не з'яўляецца такім негатыўным, як было пасля выкрыцця Сталіна. Цяпер гэта, хутчэй, пазітыўная ацэнка, ацэнка людзей, якія не бачаць нічога страшнага ў кульце асобы», - сказаў Барыс Дубін.

Як растлумачыў сацыёлаг, «за гады кіравання Пуціна склалася такая большасць расейскага насельніцтва, якая ў цэлым ухваляе парадак, што склаўся, і ўпэўненая, што менавіта Пуцін з'яўляецца гарантам парадку і стабільнасці». Галоўным чынам гэта людзі з адносным дастаткам, сярэдняга ўзросту, якія захоўваюць актыўнасць, у тым ліку палітычную, жывуць у сярэдніх і малых гарадах. Менавіта гэтая група людзей лічыць, што сканцэнтраванне ўсёй улады ў руках Пуціна і культ яго асобы карысныя для Расеі.

Сапраўды, больш за палову расейцаў (52%) лічаць, што Расеі «ідзе на дабро» тое, што ў руках Уладзіміра Пуціна сканцэнтраваная практычна ўся ўлада ў краіне. Толькі 22% думаюць, што абсалютная ўлада прэм'ера «нічога добрага Расеі не абяцае».

Амаль 80% расейцаў лічаць, што Расеі патрэбны кіраўнік - «моцная рука».

44% расейцаў лічаць, што «моцная рука» патрэбная Расеі «увесь час», а яшчэ 33% мяркуюць, што «бываюць такія сітуацыі (напрыклад, зараз), калі трэба сканцэнтраваць усю паўнату ўлады ў адных руках». Супраць таго, каб аддаць усю паўнату улады аднаму чалавеку, выступаюць толькі 18%. «Гэта таксама тэндэнцыя 2000-х гадоў. Большасць людзей раней лічылі, што не трэба канцэнтраваць уладу ў адных руках, а зараз па-іншаму», - адзначыў Барыс Дубін.

Супрацьстаяць культу асобы па ідэі павінна палітычная апазіцыя. Аднак толькі 11% расейцаў лічаць, што ў Расеі «бясспрэчна» ёсць апазіцыя. Яшчэ 38% думаю, што яна «хутчэй» ёсць, чым няма.

Сумняюцца ў існаванні апазіцыі яшчэ 30%, а 8% упэўненыя, што яе няма. Гэта не дзіўна, бо 68% расейцаў падчас апытання ўпершыню пачулі пра галоўную акцыю апазіцыі апошняга года - «Стратэгію-31».

Добра знаёмыя з сутнасцю акцыі і ведаюць, што яны забараняюцца ўладамі і разганяюцца міліцыяй, толькі 3%. Магчыма, таму цалкам супраць акцыі выступаюць толькі 4%, а хутчэй супраць - 11%. Пры гэтым больш за дзве траціны лічаць, што апазіцыя патрэбная (23% - «бясспрэчна так»; 44% - «хутчэй так»).

Апошнія навіны