BE RU EN

Кыргызстан патрабуе ад Беларусі выдачы Бакіева і яго брата Жаныбека

  • 7.07.2010, 10:03

Кыргызстан мае намер накіраваць у Беларусь паўторны запыт аб экстрадыцыі збеглага дыктатара Бакіева.

«Я даручыў генеральнаму пракурору накіраваць яшчэ раз запыт у Беларусь, каб у Кіргізію выдалі Бакіева», - заявіў на прэс-канферэнцыі ў сераду намеснік старшыні часовага ўрада, які курыруе суды і органы пракуратуры Азымбек Бекназараў, перадае «Інтэрфакс».

Ён лічыць, што «адмова Беларусі выдаць Бакіева была абгрунтавана тым, што ў рэспубліцы няма легітымных органаў улады». «Але ўжо адбыўся рэферэндум. Роза Атунбаева легітымны прэзідэнт, дзяржаўныя органы і пракуратура таксама легітымныя, і таму можна накіраваць паўторны запыт», - растлумачыў Бекназараў.

«Ёсць звесткі, што малодшы брат Курманбека Бакіева Жаныбек таксама знаходзіцца ў Беларусі», - сказаў ён. «Я папрасіў гэтае пытанне высветліць праз Інтэрпол і афіцыйныя ўлады Беларусі, з кім знаходзіцца там Бакіеў - толькі з сям'ёй, або яго браты таксама там», - паведаміў Бекназараў.

Наконт пытання аб выдачы Вялікабрытаніяй Кыргызстану малодшага сына экс-прэзідэнта Максіма Бакіева Бекназараў заявіў, што «ў Кыргызстана няма адпаведнага пагаднення з Вялікабрытаніяй, таму праз Інтэрпол мы будзем настойваць на экстрадыцыі Максіма Бакіева».

Апошнія навіны