Міліцыя: П'яныя хуліганы сапсавалі рытуал прыёму ў піянеры
- 30.04.2010, 8:52
Школьнікі розных класаў сталічнага мікрараёна Лошыца ўдзельнічалі ў рытуале прыняцця ў піянеры ля помніка Невядомаму Салдату, што па вуліцы Сырокомлі.
Настрой у хлопчыкаў і дзяўчынак быў прыўзняты і адпавядаў урачыстасці моманту. Да таго часу, пакуль не з'явілася кампанія з трох маладых людзей з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап'янення, публікуе «Інтэрфакс» рэліз прэс-афіцэра Ленінскага РУУС г. Менска Сяргея Козела.
Нецвярозая троіца адразу павяла сябе нахабна і абуральна. Мала таго, што яны пачалі прыцягваць да сябе ўвагу нецэнзурнай лексікай і жэстамі ў адрас тых, хто сабраўся, дык яшчэ адзін з хуліганаў стаў спраўляць натуральную патрэбу проста на вачах у дзяцей. Педагогі, якія знаходзіліся побач, паспрабавалі былі прывесці да розуму п'яных малойчыкаў, аднак у адказ пачулі толькі пагрозы, якія суправаджаліся адборнай лаянкай.
Утаймаваць хуліганаў, якія разбуяніліся, змог толькі нарад міліцыі, што прыбыў на месца інцыдэнту, ды і тое пасля таго, як славесныя аргументы вартавыя парадку вычарпалі. У выніку ўся троіца для разбіральніцтва была дастаўленая ў Ленінскае РУУС.
Цікава, што, ужо супакоіўшыся і крыху працверазеўшы, маладыя людзі, якім ад роду было ўсяго толькі 22-23 гады, так і не змаглі выразна патлумачыць матыву сваіх учынкаў. Паўтаралі толькі, што былі моцна п'яныя, а цяпер раскайваюцца ў зробленым.
Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Ленінскага РУУС горада Менска ў дачыненні да затрыманых узбуджаная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.