BE RU EN

Франак Вячорка: «З арміі выйшаў пераможцам»

  • 15.04.2010, 9:52

Толькі праз 15 месяцаў службы ўлады прызналі, што моладзевага лідэра прызвалі ў армію незаконна.

14 красавіка з вайсковай часткі ў Мазыры быў камісаваны палітпрызыўнік, кандыдат у дэпутаты мясцовага райсавета Франак Вячорка. Пра прычыны дэмабілізацыі і свае планы на будучыню моладзевы актывіст распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Наколькі чаканая была дэмабілізацыі з арміі? Ці яна сапраўды сёння (14 красавіка) павінна была адбыцца, ці гэта здарылася зусім нечакана для вас асабіста?

- На працягу 15 месяцаў службы я дамагаўся медыцынскага абследавання, і нарэшце я даказаў, што мой прызыў у армію быў незаконным. У сакавіку я праходзіў медыцынскае абследаванне ў Менску, і яно пацвердзіла захворванне сэрца, пра якое я казаў яшчэ ў мінулым студзені, і апошні месяц я правёў у медчастцы, чакаючы выніковага заключэння медыцынскай камісіі. І сёння, у прынцыпе, як і планавалася, я быў дэмабілізаваны, звольнены ў адстаўку з Узброеных сілаў.

- Так што, фактычна пацвердзілася тое, што па стане здароўя вы не можаце працягваць далей службу ў арміі?

- Пацверджанне было значна раней, але толькі сёння былі падрыхтаваныя ўсе дакументы для звальнення, і мяне адпусцілі. Праўда, павінны былі адпусціць яшчэ раніцай, але якраз у Мазыр прылятаў Аляксандр Лукашэнка, і яны, мабыць, баяліся мяне выпускаць, калі ў горадзе знаходзіцца кіраўнік краіны.

- Якія вашыя далейшыя планы? Вы працягваеце ўдзел у кампаніі выбараў у мясцовыя саветы?

- Безумоўна. Сёння я вяртаюся ў Менск, рэгіструюся ў ваенкамаце і адразу вяртаюся ў Мазыр. Заўтра ў мяне запланаваная сустрэча з выбаршчыкамі, а таксама з маёй даверанай асобай, прафесарам Іванам Нікітчанкам. Я маю намер давесці да канца выбарчую кампанію. Яна ў мяне праходзіць вельмі плённа. Я маю вялікую падтрымку з боку жыхароў Мазыра. І ў тым выпадку, калі б выбары праходзілі свабодна і празрыста, я не сумняваўся б у сваёй перамозе. Я выйшаў з арміі пераможцам. Акрамя таго, што я даказаў сваю рацыю, я прынёс у армію сапраўды нейкія перамены. Я лічу, што пераклад статуту на беларускую мову - гэта вынік маёй працы, вынік скандалаў, звязаных з забаронай ужывання беларускіх камандаў. Таксама ў арміі я стаў салдацкім адвакатам, дапамагаў салдатам адстойваць іх правы. Справа ў тым, што многія салдаты ў арміі - гэта проста абслугоўваючы персанал. Іх банальна выкарыстоўваюць. Я дапамагаў салдатам патрабаваць выканання сваіх правоў ад камандавання.

- Вы правялі ў арміі 15 месяцаў. Як вы зараз ацэньваеце - гэтыя 15 месяцаў у арміі наклалі на вас адбітак, змянілі штосьці ў вас?

- Безумоўна, я выходжу з арміі іншым чалавекам. Але мае прынцыпы не змяніліся. Маё стаўленне да арміі ў цэлым таксама не змянілася. Я лічу, што яна патрабуе поўнага рэфармавання. Беларусі патрэбная прафесійная армія. І я буду дамагацца вызвалення іншых палітпрызыўнікоў, якія працягваюць службу. Гэта Андрэй Цянюта, Яўген Скрабец, Алесь Краўчэня. Я лічу, што іх прызыў незаконны, і неабходна дамагацца іх вызвалення.

Нагадаем, што Франак Вячорка быў прызваны ў армію, нягледзячы на медыцынскае заключэнне аб ягонай непрыдатнасці да вайсковай службы.

У вайсковую частку пад Мазыром моладзевага лідэра везлі ў кайданках. У арміі Франак адстойваў сваё законнае права быць менавіта беларускім салдатам: размаўляць на роднай мове, карыстацца беларускай вайсковай тэрміналогіяй. Аднак моладзеваму актывісту чыніла перашкоды камандаванне часткі.

На працягу знаходжаньня ў арміі на моладзевага актывіста ўвесь час аказваўся ціск, які асабліва ўзмацніўся пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы для ўдзелу ў мясцовых выбарах.

Апошнія навіны