BE RU EN

Літва дамагаецца адмены будаўніцтва АЭС у Беларусі

  • 5.03.2010, 11:06

Літоўскія палітыкі і грамадскія дзеячы ўпэўненыя, што нельга верыць абяцанням беларускіх уладаў адносна бяспекі будучай АЭС.

Літоўскія палітыкі і прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся ў Еўрапарламент з пратэстам супраць планаў Беларусі пабудаваць АЭС у 23-х кіламетрах ад мяжы з Літвой. Зварот быў зроблены пасля грамадскіх слуханняў аб ацэнцы ўплыву будучай беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе, якія прайшлі ў Вільні ў пачатку гэтага тыдня і не пераканалі літоўцаў у бяспецы станцыі, нагадвае «Радыё Свабода».

Акрамя справаздачы па ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе, Беларусь таксама падрыхтавала і апублікавала адказы на пытанні розных краінаў адносна запланаванай АЭС. Літва задала 39 пытанняў, але адказы з Беларусі не задавальняюць літоўскіх абаронцаў прыроды, грамадскасць і палітыкаў.

«Я дастаткова добра азнаёмлены са справаздачай уплыву на навакольнае асяроддзе і нават з некаторымі версіямі гэтай справаздачы, і таксама з пытаннямі Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы да беларускага боку і з яго адказамі. З гэтых адказаў (беларускага боку) я знайшоў хіба што пару годных увагі. Іншыя пытанні праігнараваныя, некалькі абзацаў размоваў ні пра што і нават узятыя фразы з рэкламных буклетаў «Расатама», -- заявіў Саўлюс Пікшрыс, кіраўнік літоўскага Таварыства аховы прыроды і помнікаў культуры «Atgaja».

Падчас грамадскіх слуханняў у Вільні спецыялісты беларускага Мінэнерга не пераканалі аўдыторыю ў бяспецы будучай АЭС з эксперыментальным рэактарам па расейскім праекце. У знак пратэсту частка аўдыторыі пакінула залу, у іх ліку і старшыня Камітэта па ахове навакольнага асяроддзя Сейма Літвы Ёнас Шыменас.

«Тое, што тут адбываецца - абсурд. Па-першае, моладзь не разумее па-расейску, а арганізатары не забяспечылі пераклад, пра што можна казаць?! Гэта размова глухога з нямым. Прапанавалі сёння выслухаць, заўтра пачытаць, і паставяць плюсікі - сустрэча адбылася. Сустрэча была, але мы нічога не пачулі. Гэта абуральна, тым больш што ў зале знаходзіўся віцэ-міністр аховы навакольнага асяроддзя (Аляксандрас Сруогіс). Думаю, мы запатрабуем палітычнай адказнасці гэтага міністэрства», -- заявіў старшыня Камітэта па ахове навакольнага асяроддзя Сейма Літвы, які пакінуў залу ў знак пратэсту.

Літоўскі парламентар Гінтарас Сангайла застаўся на слуханнях, але і ён перакананы, што нельга верыць запэўніванням Беларусі ў бяспецы будучай АЭС.

«Гэта такая сфера, што нам не варта падзяляцца - гэта важна ўсім, і адной, і другой дзяржаве. Нас не задавальняе справаздача аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе, тым больш, што з досведу Чарнобыльскай аварыі бачна, што пададзеныя Беларуссю лічбы на выпадак аварыі не адпавядаюць рэчаіснасці. Беларусь запэўнівае, што ўсё будзе нармальна. Але тэхнічныя адыходы прыплывуць да нас, і няма яснасці адносна захоўвання радыёактыўных адыходаў. Падаецца, у незразумелых тэхнічных умовах яны будуць захоўвацца там на месцы, прыкладна ў 10 км ад вёскі Гервяты. Я ужо не кажу пра культурна-гістарычную і прыродную каштоўнасць рэгіёна, пра зоны адпачынку. Сапраўды, пляцоўку для будаўніцтва АЭС Беларусь абрала няўдалую», -- сказаў Гінтарас Сангайла.

Літоўскія ўдзельнікі слуханняў, у іх ліку і парламентары, і прадстаўнікі мясцовых органаў улады, прагаласавалі за зварот у Еўрапарламент з негатыўнай ацэнкай слуханняў. У звароце яны сярод іншага заявілі, што зробяць усё магчымае, каб Літва не прызнала здавальняючымі вынікі грамадскіх слуханняў па ацэнцы ўплыву Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе.

Апошнія навіны